Беларусаў хвалюе найперш рост коштаў, збядненне і беспрацоўе

Сусветны фінансавы крызіс і яго наступствы аб’ядналі жыхароў розных краін агульнымі праблемамі  Што найбольш сёння хвалюе беларусаў? І ці ёсць падабенства клопатаў грамадзян нашай краіны і суседзяў з усходу і захаду? Каб высветліць гэта, Еўрарадыё звярнулася да айчынных і замежных сацыёлагаў. 

Апошнія даследаванні, якія праводзіў на гэтую тэму Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, паказалі, што беларусаў найперш турбуе эканоміка, якая, як вядома, перажывае крызіс. І першае месца сярод праблемаў, якія называюць апытаныя, займае рост цэнаў.

Вось што распавядае ў інтэрв'ю Еўрарадыё пра вынікі даследавання сацыёлаг Аляксандр Сасноў:

“На першым месцы - рост коштаў. 82% тых, хто прыняў удзел у апытанні, далі такі адказ. Наступнае - збядненне насельніцтва - гэта амаль 38%, беспрацоўе -  амаль 36% і спад вытворчасці - 32%“.

Ранейшыя сацыялагічныя даследаванні паказалі, што грамадзян розных дзяржаваў звычайна хвалююць розныя пытанні. Сусветны ж фінансавы крызіс і яго наступствы цяпер аб’ядналі жыхароў розных краін агульнымі праблемамі.

У Расіі сітуацыя амаль такая ж, як і ў Беларусі. Даследаванні на гэтую тэму ў студзені праводзіў расійскі недзяржаўны аналітычны “Левада Цэнтр”. З яго вынікамі Еўрарадыё пазнаёміў супрацоўнік цэнтра Дзяніс Волкаў:

Сёння расіян хвалюе некалькі праблем, першае - гэта рост цэнаў - 75%, рост беспрацоўя – 57%, крызіс у эканоміцы і спад вытворчасці - 48%, збядненне насельніцтва – 42%, рэзкі падзел на багатых і бедных – 28%. Усё большую колькасць расіян хвалюе рост беспрацоўя. І калі параўноўваць са студзенем 2008 года, то гэта лічба павялічылася амаль удвая. Гэтак жа ўзрасла колькасць тых, каго хвалюе крызіс эканомікі, спад вытворчасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы”.

Крызіс змяніў сітуацыю нават у такіх краінах як Вялікабрытанія і Злучаныя Штаты. Цяпер брытанцы сярод асноўных праблем называюць беспрацоўе, рост коштаў, інфляцыю і падаткі. А ў ЗША апошнім часам людзей сталі больш цікавіць эканамічныя пытанні, а не тэрарыстычная пагроза, як было раней.

“У сувязі з крызісам мы бачым што эканамічныя праблемы выступаюць на першы план. І захінаюць такія традыцыйныя праблемы як недасягальнасць відаў медыцынскага абслугоўвання, крызіс маральнасці, якія таксама займалі высокія месцы ў нашым рэйтэнгу. Людзей усё больш цікавяць тыя праблемы, якія непасрэдна датычацца іх ўзроўня жыцця, занятасці. Колькі грошай застаецца, колькі на іх можна набыць прадуктаў”,
- паведаміў супрацоўнік расійскага аналітычнага цэнтра “Левада-Цэнтр” Дзяніс Волкаў.


Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі