Беларусаў змогуць часцей забіраць на вайсковыя зборы

Ваенныя зборы / @modmilby

Ваенныя зборы / @modmilby

У Беларусі змяняецца парадак праходжання ваенных і спецыяльных збораў. На Нацыянальным прававым партале апублікавана адпаведная пастанова ўрада. Рэсурс "Зеркало" параўнаў ранейшую і новую версіі дакументаў і высветліў, што цяпер беларусаў на зборы ваеннаабавязаных могуць выклікаць часцей, а да арганізацыі гэтай кампаніі падключаецца яшчэ і КДБ.

Адно са змен тычыцца працягласці збораў. Да прыкладу, праверачныя зборы зараз могуць доўжыцца не 35, а 60 дзён. Калі раней у пастанаўленні выразна прапісвалася, колькі разоў на зборы якой працягласці могуць прызывацца ваеннаабавязаныя, то ў новай пастанове інфармацыя аб працягласці збораў знікла, ёсць толькі пра колькасць прызываў. І гэта колькасць у большасці выпадкаў павялічылася. Так, да прыкладу, калі раней ваеннаабавязаных без афіцэрскіх званняў першага разраду маглі выклікаць на зборы да 3-4 разоў працягласцю да двух месяцаў, то зараз іх могуць забіраць да пяці разоў. Колькі могуць доўжыцца гэтыя зборы, у дакуменце наогул не пазначана. Афіцэраў запасу раней маглі выклікаць на зборы 1-2 разы, цяпер да 5-10 разоў.

Акрамя таго, да арганізацыі вайсковых збораў, згодна з новым дакументам, падключаецца і КДБ. Рэгіянальныя ўпраўленні Камітэта дзяржбяспекі атрымалі права праводзіць адбор кандыдатаў для прызыву на зборы і запрашаць ваеннаабавязаных на ўдакладненне ўліковых дадзеных. Змяніліся і патрабаванні да ўдзельнікаў збораў. Калі раней на ваенныя і спецыяльныя зборы накіроўваліся "ваеннаабавязаныя, прыдатныя па стане здароўя да ваеннай службы", то зараз яшчэ і "прыдатныя да ваеннай службы з нязначнымі абмежаваннямі, а таксама абмежавана прыдатныя да ваеннай службы ў ваенны час (з іх пісьмовай згоды)".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі