"Беларусбанк" патлумачыў прычыну знікнення грошай з картак кліентаў
У першай палове дня 3 чэрвеня па ўсёй Беларусі частка кліентаў "Беларусбанка" заўважылі знікненне са сваіх рахункаў пэўных грашовых сумаў: у кагосьці — 100 ці 250 тысяч, у іншых — 600 тысяч ці мільён рублёў. Пры гэтым карткамі людзі не карысталіся. Яны запанікавалі, пачалі тэлефанаваць у банкі. Неўзабаве высветлілася, што адбыўся "тэхнічны збой".
Як інфармуе прэс-служба "Беларусбанка", з-за збою "ў сістэме апрацоўкі аўтарызацыйных запытаў па асобных рахунках, да якіх аформленыя банкаўскія плацёжныя карткі" больш за паўтары гадзіны (з 12.05 да 13.46) "адлюстроўвалася некарэктная інфармацыя пра сумы грашовых сродкаў, даступных для здзяйснення аперацый". Гэта значыць, што "спісвання" грошай не было, была толькі непраўдзівая інфармацыя пра сродкі на картках.
Адзначаецца, што "Беларусбанк" і Банкаўскі працэсінгавы цэнтр прынялі "неабходныя меры па ўрэгуляванню ўзніклых разыходжанняў". Банкаўскі працэсінгавы цэнтр інфармуе, што на цяперашні час "балансы па рахунках адлюстроўваюцца карэктна".