Беларуска-літоўскі бязвізавы рэжым не ўвялі з-за Смаргоні і Алітуса

Ад візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню найперш чакалі аднаго: ці будзе падпісанае беларуска-літоўскае пагадненне аб  бязвізавым рэжыме для жыхароў памежнай зоны. Перамовы на гэты конт ідуць ужо каля года
Аднак пагадненне так і засталося непадпісаным. Паводле слоў дырэктара Дэпартамента інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю літоўскага Міністэрства замежных справаў Раландаса Качынскаса, падпісаныя два іншыя дакументы: 

Качынскас: "Учора былі падпісаныя два пагадненні. Пагадненне паміж урадамі Літвы і Беларусі аб прававым памежным рэжыме літоўска-беларускай мяжы і пагадненне паміж урадамі Літвы, Беларусі і Польшчы аб пунктах перасячэння межаў.  А трэцяе — не. Гаворка пра пагадненне аб працэдуры перамяшчэння жыхароў памежных раёнаў Літвы і Беларусі".

Нагадаем, меркавалася, што прыблізна ад сярэдзіны 2010 г. жыхары Беларусі і Літвы, што жывуць у 50-кіламетровай зоне па абодва бакі мяжы, змогуць ездзіць, не плацячы за шэнгенскую візу 60 еўра. Спецыяльныя дазволы мусілі каштаваць 20 еўра і выдавацца на пяць год.

Літоўскі бок разлічваў, што ў выніку гэтага больш беларусаў змогуць наведваць Вільню і адпачываць на спа-курорце ў Друскінінкаі. Але прадстаўнікі беларускай дэлегацыі папрасілі дадатковы час на вырашэнне тэхнічных пытанняў.

Згодна са словамі Раландаса Качынскаса, беларускія чыноўнікі не сталі падрабязна тлумачыць, чаму адкладаюць падпісанне пагаднення.

Качынскас: "Проста сказалі, што ім патрэбна болей часу, каб завяршыць ўнутраныя працэдуры. Мы чакаем, што гэтае пагадненне будзе падпісанае на працягу года. Мы не былі на 100% упэўненыя, што ўсе ўнутраныя працэдуры будуць скончаныя, мы мелі некаторыя сумненні. Што яшчэ — беларусы хочуць яшчэ раз паглядзець, якія тэрыторыі ўвойдуць у памежную зону. Можа, з'явяцца мажлівасці ўключыць у гэтую зону як літоўскія, так і беларускія гарады".

Еўрарадыё спытала пра "спрэчныя" гарады кіраўніка прэс-службы Камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандра Цішчанку:

Цішчанка: "Там пакуль гаворка ідзе пра нейкія тэхнічныя пытанні, і, хутчэй за ўсё, яны звязаныя з двума гарадамі. Алітус — з літоўскага боку, Смаргонь — з беларускага. Ёсць перспектывы яго ўрэгулявання, каб уключыць гэтыя гарады ў памежную зону".

Аляксандр Цішчанка лічыць, што гэтае пытанне будзе неўзабаве вырашанае, бо Беларусь і Літва зацікаўленыя ўключыць гарады ў памежную зону. Ці змогуць праз год жыхары Смаргоні без шэнгенскай візы ездзіць на адпачынак у Друскінікай, будзе вядома ў бліжэйшыя месяцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі