Беларуска-расійская мяжа - “дзірка” для тэрарыстаў?

Расійскія і беларускія памежнікі не паразумеліся. Днямі дырэктар памежнай службы ФСБ Расіі Уладзімір Пронічаў выступіў з заявай, паводле якой мяжа паміж двумя краінамі сталася “дзіркай”. Праз яе на расійскую тэрыторыю, нібыта, могуць патрапіць нелегалы. У тым ліку і тэрарысты.
Беларускаму боку гэта не спадалася і кіраўнікі памежнага ведамства абверглі інфармацыю расійскага калегі. Яны засведчылі, што не было ніводнага выпадка выяўлення асобаў, якія прыехалі з Беларусі і займаліся тэрарыстычнай дзейнасцю. Звычайна здаралася адваротнае, бо цалкам лагічна, што тэрарысты з’яўляюцца адтуль, дзе яны ёсць.

Слова “тэрарыст” у беларускіх рэаліях пакуль гучыць толькі ў дачыненні да апанентаў улады, якія, напрыклад, выходзілі на плошчу ў сакавіку 2006-га. Заканадаўчыя акты антытэрарыстычным камітэтам пры КДБ разлічаныя хутчэй на перспектыву, хаця паводле меркавання намесніка старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага, яны працуюць ўжо сёння.

Дэпутат таксама тлумачыць, чаму Беларусь не можа лічыцца ненадзейнай памежнай краінай і катэгарычна не пагаджаецца з агучанай фармулёўкай галоўнага памежніка Расіі.

Гумінскі: “Беларуская мяжа - яна з трох бакоў Прыбалтыкі, Польшы і Украіны поўнасцю зачыненая. А калі з боку Беларусі нехта на тэрыторыю Расіі з тэрарыстаў трапляе, то зноўку спярша яны з Расіі прыязжаюць сюды, пасля назад вяртаюцца, бо беларуска-расійскай мяжы як такой сапраўды няма.

Нельга, канешне, выключыць нейкія адзінкавыя вападкі. Але гэта не практыка, бо з іншых бакоў мяжа ў нас абараняецца і мы ўзаемадзейнічаем у рамках Еўрапейскай супольнасці. Нам і дапамога выдзялялася на ўмацаванне мяжы і дабраўпарадкаванне новымі сродкамі.”

Нечаканым і незразумелым заява Пронічава падалася не толькі беларусам. Напрыклад, Савет камандуючых памежнымі войскамі СНД, зазначыў, што супрацоўніцтва з беларускімі калегамі заўсёды праходзіла на высокім узроўні.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта рэспублікі, беларускія памежнікі правялі значную працу на карысць Расіі. Так за апошнія тры гады праз мяжу пераехалі 27 тысяч чачэнцаў і арыштавана сярод іх ажно 2 тэрарысты, што былі перададзены адпаведным расійскім органам.

Знаўца праблемы, кіраўнік агенцтва журналісціх раследванняў Сяргей Сацук кажа,
што звычайна памежнікі не прымаюць удзелу у пошуку і выўленні злачынцаў, бо тыя маюць іншыя магчымасці пранікнення на тэрыторыю краіны.

Самадзейнасць жа расійскіх памежнікаў ацэньвае як вельмі падобную на жаданне службаў пралабіраваць свае інтарэсы.

Сацук: “Наступныя крокі, як я гэта бачу. Пуцін можа запатрабаваць даклад на гэтую тэму. І калі памежнікі ці мытнікі дакажуць, што праблема існуе, то тады мяжа будзе зачыненая. Усё залежыць ад таго, наколькі пераканаўчымі будуць памежнікі.

Напрыклад, камітэт Дзяржкантролю Беларусі здолеў пераканаць кіраўніцтва ў мінулым годзе, што сапраўды існуе небяспека змены ўлады перад выбарамі. І пад гэтую марку здолеў выбіць сабе буйное дадатковае фінансаванне.”

Беларускія палітыкі і аналітыкі знайшлі ў гэтай сітуацыі палітычны кантэкст. Людміла Гразнова, намеснік старшыні АГП, лічыць, што празрыстая і зручная мяжа паміж Расіяй і Беларусью - адзін з моцных аргументаў Лукашэнкі і падобныя захады з боку расійскіх службаў робяцца для таго, каб выціснуць яго з палітычнай арэны.

Палітолаг сайту “Наше мнение” Сяргей Панькоўскі падзяляе гэтую думку і кажа, што падобныя заявы кіраўнікоў памежных войскаў Расіі звязаныя з шырокай расійскай дыскусіяй па беларускім пытанні. Гэта таксама адлюстроўвае як чуйна розныя службы і структуры рэагуюць на ахаладжэнне узаемаадносінаў двух краінаў.

Панькоўскі: “Складана штосьці прагназаваць. Мы толькі ў пачатку магчымага разварочвання канфлікту. І калі ён будзе нарастаць, калі напружванне ў стасунках беларускай і расійскай уладаў захаваецца, то тэарэтычна нельга выключаць, што пытанне мяжы будзе пастаўлена. Хаця сёння пакуль гэта выглядае вельмі гіпатэтычным.”

А калі і стане магчымым, то хутчэй за ўсё толькі з расійскай ініцыятывы, бо тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не плануе абараняць мяжу Расіі і Беларусі. Нават нягледзячы на тое, якую пазіцыю займае расійскае кіраўніцтва.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
Што сёння адбываецца на беларуска-расійскай мяжы?
Па словах Старшыні Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў Беларусі Аляксандра Паўлоўскага, на тэрыторыі Расіі дзейнічае 16 пунктаў мытнага афармлення. І яны працуюць літаральна як 16 асобных мытняў.
Зараз побач з мяжой Беларусі Расія змясціла 150 аператыўнікаў, што дзейнічаюць на карысць расійскіх памежвойскаў. Ён мяркуе, што гэта першы крок па аднаўленні мытнай мяжы з нашай краінай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі