Беларуска Юлія Леанцюк перамагла на Кубку Еўропы па штурханні ядра
Лёгкаатлетка з Брэста апярэдзіла дзейную чэмпіёнку Еўропы. Для беларускі гэта другі медаль запар.
Беларуска лёгкаатлетка Юлія Леанцюк перамагла на Кубку Еўропы па кіданнях у Партугаліі. Спаборніцтвы праходзілі 14 і 15 сакавіка. Пры гэтым наша дзяўчына штурхнула ядро больш чым на паўметра далей, чым венгерка Аніта Мартон.
На нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў Празе менавіта венгерка апярэдзіла Юлію і ссунула беларуску на другое месца.
Юліі Леанцюк 31 год, яна з Брэста. Спартсменка вылучаецца зайздроснай стабільнасцю. І на чэмпіянаце, і на Кубку Еўропы яна паказала амаль аднолькавы вынік — штурхнула за 18,5 метра, што даволі добра для зімовага сезону. Але каб трапіць у медалі летняга чэмпіянату свету, трэба штурхнуць хаця б у межах 20 метраў.
Яшчэ чатыры медалі на Кубку Еўропы ўзялі беларускія спартсмены ўзростам да 23 гадоў. Алена Собалева стала чэмпіёнкай у кіданні молата. Юрый Васільчанка ў гэтай жа дысцыпліне заваяваў срэбра. Бронзавыя медалі ўзялі Вікторыя Колб (штурханне ядра) і Аляксандр Казлоўскі (кіданне дзіды).
Гэты Кубак Еўропы для прадстаўнікоў кідальных дысцыплін лічыцца галоўным зімовым стартам на кантыненце. Напрыклад, удзел у ім прымаў алімпійскі чэмпіён Лондана Крысціян Парш.