Беларускага рэжысёра-ілюстратара ў Катавіцах збілі невядомыя

Аляксандр Канавалаў пасля збіцця невядомымі

Аляксандр Канавалаў пасля збіцця невядомымі / Aliaksandr Sasha Kanavalau / Facebook

У польскіх Катавіцах невядомыя напалі на беларускага мастака, рэжысёра і ілюстратара Аляксандра Канавалава. Пра гэта творца сам напісаў у Фэйсбуку 18 сакавіка.

Канавалаў кажа, што вяртаўся ў гатэль з канцэрта гурта "Kaliber 44", калі атрымаў нечаканы ўдар, пасля якога нічога не памятае. Мастак паведаміў, што ў яго дзве зламаныя сківіцы, пашкоджанае вуха, выбітыя тры пярэднія зубы.

"Я аб'ездзіў паўсвету, і ўсё ж менавіта тут са мной здарылася такая прыгода", — дадаў ён. Пры гэтым Канавалаў упэўнены, што "варта працягваць любіць свет".

Аляксандр Саша Канавалаў — польскі мастак, рэжысёр і ілюстратар беларускага паходжання. Ён лаўрэат разнастайных прэмій і арганізатар шматлікіх выставаў. Сярод іншага ён працаваў над польскім мультсерыялам "Kajko i Kokosz" (2021 год), мультфільмам "Elo złomy" (2022).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.