Беларускага таэквандыста дыскваліфікавалі на чатыры гады за мельдоній
Беларускага таэквандыста дыскваліфікавалі на чатыры гады за мельдоній. Такое рашэнне прыняў Спартыўны арбітражны суд у Лазане па апеляцыі Армана-Маршала Сілы. Як інфармуе Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Рэспублікі Беларусь, усе вынікі спаборніцтваў, дасягнутыя спартсменам з 13 ліпеня 2016-га да 11 жніўня таго ж года, анулююцца.
Спартсмену 23 гады. Ён — ураджэнец Мінска (бацька — гвінеец, маці — беларуска). З’яўляецца двухразовым чэмпіёнам Еўропы. Сіла стаў першым беларускім таэквандыстам, які заваяваў пуцёўку на Алімпіяду. Аднак у Рыа не выступіў — напярэдадні ад’езду быў адхілены ад усіх спаборніцтваў. Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва тады паведаміла, што ў яго допінг-пробах, узятых у межах перадалімпійскага тэставання, быў выяўлены забаронены прэпарат мельдоній. Спартсмен неаднаразова заяўляў пра сваю невінаватасць, прайшоў нават праверку на паліграфе.
Арман-Маршал Сіла скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры і восенню 2016-га быў прызваны ў беларускае войска. Летам 2016 года ён падаваў дакументы ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце на спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і права”.