"Беларуская чыгунка" ўводзіць новую схему рассадкі пасажыраў у цягніках
"Беларуская чыгунка" з 15 красавіка ўводзіць новую схему рассадкі пасажыраў у цягніках з нумараванымі месцамі. Прадавацца яны будуць з улікам сацыяльнай дыстанцыі.
Як паведамляецца на сайце БЧ, у купэ будуць не больш за два пасажыры, у плацкартных вагонах — не больш за тры ў адным адсеку. Пасажырам, якія купляюць квіткі па адной замове, могуць дазволіць і 3, і 4 месцы ў адным купэ, калі да гэтага ў купэ ніводнага месца не было прададзена.
У вагонах з сядзячымі месцамі (напрыклад, у цягніках "Штадлер") квіткі будуць прадавацца ў залежнасці ад таго, два ці тры месцы ў шэрагу. У двухмесным шэрагу пасажыр займае месца ля акна, у трохмесным — адзін пасажыр каля акна, другі — праз месца ад яго каля праходу (сярэдні шэраг застаецца вольным).
Гэтая мера часовая і рэкамендаваная Міністэрствам аховы здароўя ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса. Дзейнічаць яна будзе па 29 красавіка.
Новая схема рассадкі будзе ўжывацца пры куплі квіткоў як у чыгуначных касах, так і праз інтэрнэт. Калі квіткі былі набытыя да ўвядзення новай схемы, пасажыры будуць займаць месцы ў адпаведнасці з купленымі квіткамі.
Дарэчы, з 14 красавіка продаж праязных дакументаў у цягнікі, прычэпныя і бесперасадачныя вагоны міжрэгіянальных ліній фармавання "Беларускай чыгункі" часова будзе ажыццяўляцца не раней, чым за 20 сутак да адпраўлення цягніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.