Беларускі доктар шмат працуе і мала зарабляе
Па колькасці адпрацаваных чалавека-гадзін медыкаў апярэджваюць толькі працаўнікі сельскай гаспадаркі. Затое па заробку — спецыялісты 10 галін!
Як піша газета "Звязда", 100 гадоў таму мінскі лекар зарабляў 2400 рублёў у год — гэта трэцяе месца па заробку пасля гарадскога галавы і паўнамоцнага прадстаўніка Санкт-Пецярбургскага банка.
Сёння, паводле афіцыйнай статыстыкі, медыкі стаяць на 10 месцы па ўзроўню сярэднямесячнага заробку і на 11-м — паводле кошту гадзіны працы. У 2010 годзе, у сярэднім за месяц лекар зарабляў 558 долараў, спецыяліст сярэдняга медперсаналу — усяго 318, і гэта з улікам усіх звышурочных, начных дзяжурстваў і г.д. Амаль палова лекараў працуе на 2 працах.
Гадзіна працы беларускага лекара "каштуе" 5527 рублёў. Для параўнання: у гандлі і грамадскім харчаванні гэта 6604, ЖКГ — 6853, індустрыі — 8864, дзяржапараце — 9925 рублёў. Лідуюць будаўнічая і банкаўская галіны — адпаведна 10171 і 14193 рубля. Меней за медперсанал атрымліваюць толькі ў сельскай гаспадарцы, сацзабеспячэнні ды ўстановах культуры, прычым іх адставанне зусім нязначнае.
Затое медыкі апынуліся ў лідэрах па колькасці адпрацаваных чалавека-гадзін. Па выніках мінулага года ў медыкаў паказчык гэты 2112 — на 14% больш, чым у прамысловасці! Апярэдзіць лекараў удалося толькі працаўнікам вёскі — у іх адпрацоўка склала 2169 гадзін.