МЗС Беларусі хоча, каб шэнген беларусам выдавалі на два і больш гадоў
А вось колькасць консульскіх работнікаў у замежных амбасадах павялічыць наўрад ці ўдасца.
Другі раўнд перамоваў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі пройдзе ў Бруселі 24-25 лістапада.
На перамовах будуць абмеркаваныя прапановы беларускага боку, накіраваныя на спрашчэнне парадку афармлення віз, павялічэння тэрміну іх дзеяння і спрашчэнне паездак грамадзян увогуле. Пра гэта распавёў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. Па просьбе Еўрарадыё ён патлумачыў, што канкрэтна азначаюць гэтыя прапановы.
Мірончык: “Нашы прапановы накіраваныя, напрыклад, на тое, каб нашы грамадзяне мелі вычарпальны спіс дакументаў, якія павінны падавацца ў пасольства для атрымання візы. Каб іх не ганялі туды-сюды па нейкія даведкі, нейкія дадатковыя дакументы і гэтак далей”.
Апроч таго, беларускі бок настойвае на тым, каб кожная новая віза была больш працяглага тэрміну дзеяння за папярэднюю. Калі, да прыкладу, першая віза была на тры месяцы і чалавек нічога не парушыў за час свайго знаходжання ў ЕС, то наступная віза павінна быць на год, трэцяя – на два гады і гэтак далей. Гэта, на думку беларускага боку, будзе заахвочваць нашых грамадзян да “пазітыўнага выканання законаў як ЕС, так і Беларусі”.
Еўрарадыё пацікавілася, ці павялічыцца колькасць консульскіх работнікаў у еўрапейскіх амбасадах у межах прапанавагага “спрашчэння парадку афармлення віз”. Бо менавіта ад недахопу супрацоўнікаў утвараюцца вялікія чэргі на здачу дакументаў на візу.
Мірончык: “Пагадненне, якое разглядаецца, мае рамачны характар і будзе распаўсюджвацца на ўсе краіны шэнгенскай зоны. І колькасць супрацоўнікаў, якія займаюцца выдачай віз… Шчыра кажучы, не думаю, што будзе рэгулявацца такога кшталту пагадненнем”.
Нагадаю, пра тое, што вялікія чэргі з-за недахопу консульскіх супрацоўнікаў, неаднаразова казаў амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка. Але павялічыць штат супрацоўнікаў не дазваляе беларускі МЗС.
Фота — regiondv.com