"Беларускі партызан": У доме гендырэктара Камароўкі правялі ператрус
У доме генеральнага дырэктара КТУП "Камароўскі рынак" Мікалая Хмяльніцкага адбыўся ператрус, піша "Беларускі партызан".
Пра ператрус у доме пад Мінскам, дзе жыве гендырэктар рынка, журналістам распавялі калегі Хмяльніцкага.
Паведамляецца таксама, што ператрус адбыўся і ў працоўным кабінеце Хмяльніцкага. Ладзілі яго ўзброеныя праваахоўнікі ў масках.
Дырэктара рынку і некалькіх прадпрымальнікаў з Камароўкі, нібыта затрымлівалі. Ва ўсіх іх прайшлі ператрусы. Паводле інфармацыі "Беларускага партызана", амаль усе затрыманні былі звязаныя з крымінальнай справай Васіля Чарняўскага, які кантраляваў крымінальную дзейнасць на Камароўскім рынку і быў не так даўно затрыманы.
Паведамляецца, што затрыманыя прадпрымальнікі цяпер знаходзяцца на волі. Дырэктар Камароўкі таксама не затрыманы, але ён знаходзіцца ў лякарні, на бальнічным. Ад каментароў Хмяльніцкі адмаўляецца.
На Камароўскім рынку журналістам Еўрарадыё абверглі інфармацыю пра ператрус у гендырэктара. "[Не было] ні ператрусу, ні затрымання. Наогул нічога", — паведаміла крыніца Еўрарадыё. У той жа час, яна пацвердзіла, што Мікалай Хмяльніцкі знаходзіцца ў шпіталі ў сувязі з даўнімі праблемамі са здароўем.