Беларускі тураператар: калі забароняць палёты ў Турцыю, "Белавія" ляжа
25 лістапада расійскім тураператарам забараняюць продаж пуцёвак у Турцыю, праз “павышаную пагрозу тэрарызму” і, адпаведна, “складанасці ў прыняцці мер па абароне расійскіх грамадзян і аказанні ім заступніцтва з боку Расійскай Федэрацыі”. Ці адаб’ецца такое рашэнне на беларускім турыстычным бізнесе, каментуе дырэктар мінскай кампаніі “Атлас свету”:
“Сэнс у тым, што з Мінска "Белавія" завяршае пералёты ў Турцыю у першых чыслах лістапада, а пачынае толькі ў сярэдзіне красавіка. То бок тыя турысты, якія ляцелі ў лістападзе з Масквы — гэта фармальны мінімум. Але цяпер пачалося ранняе браніраванне пуцёвак на наступны сезон. І я вам скажу, што заяўкі ёсць, броні ёсць нават да верасня наступнага года”.
Цяпер у Турцыі не самы спрыяльны сезон для пляжнага адпачынку, тэмпература паветра там ў сярэднім каля 20 градусаў. Таму адмена рэйсаў з Расіі мала паўплывае на жаданне адпачыць беларускіх турыстаў. А загадзя пуцёўкі беларусы не вельмі жадаюць браніраваць па фінансавых прычынах.
“Сёлета, як і ў мінулым сезоне, слаба ідзе ранняе браніраванне, — кажуць у кампаніі “1000 тураў”. — То бок пераважна ўсе разлічваюць на пакупку гарачых тураў. А расіяне нам актыўна тэлефанавалі, адразу пасля падзеі. А потым, калі ім забаранілі лётаць нават праз нашых аператараў, то перасталі тэлефанаваць і пісаць”.
Міністэрства спорту і турызму Беларусі працягвае казаць, што "сочыць за развіццём падзей, вывучае сітуацыю". Пакуль гаворкі пра параду, адмовіцца ад адпачынку ў Турцыі, не вядзецца.
“Шэсць з паловай месяцаў у годзе ў нас лётаюць самалёты ў Турцыю, — разважае наконт верагоднасці адмены пералётаў з Беларусі дырэктар “Атлас свету”. — У летні перыяд у нас ідзе каля 20-24 бартоў штотыдзень. То бок гэта сур’ёзны аб’ём для “Белавія”, тым больш, што чартары ляцяць бітком. Наколькі я ведаю, лізінг самалётаў каштуе каля 5000 долараў за дзень на кожны самалёт, а Боінгі ўжо набылі, і трэба плаціць. Так што, калі забароняць, то “Белавія” проста ляжа. Таму лётаць будуць, тым больш, у Турцыі нічога не змянілася па бяспецы турыстаў, гэта ўсё палітыка”.
Па словах беларускіх тураператараў, прыкладна палова нашых турыстаў выбірае для адпачынку менавіта Турцыю. І на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны: няма праблемы з візамі, хуткі пералёт, усё ўключана, фінансавая даступнасць, бясплатныя пляжы, вялікая экскурсійная праграма і гэтак далей. Але, калі раптам гэты напрамак будзе закрыты, то нашы турысты хутка пераарыентуюцца, напрыклад, на В’етнам, які пачаў набіраць папулярнасць пасля адмены віз.
Расійскі аператар Tez Tour паведаміў, што праз іх у Турцыі цяпер адпачываюць 28 беларусаў, яшчэ дзесяцярым вярнуць грошы за ўжо набытыя туры.
Продаж пуцёвак у Турцыю расійскім тураператарам забаранілі 25 лістапада, пасля таго, як турэцкімі вайскоўцамі быў збіты расійскі бамбардзіроўшчык Су-24. Прэзідэнт Турцыі заявіў, што атака адбылася пасля дзесяці папярэджанняў, пра тое, што самалёт апынуўся ў паветранай прасторы Турцыі. У Мінабароны Расіі гэта аспрэчылі. Па іх дадзеных, самалёт знаходзіўся на тэрыторыі Сірыі.