Беларускія актывісты збіралі подпісы ў Польшчы (фота)
Каля 1000 палякаў падпісаліся за "Адкрытыя межы для раварыстаў".
Мэта акцыі, якую правялі сярод жыхароў Люблінскага ваяводства актывісты кампаніі "За Вела-Брэст", — дамагчыся бесперашкоднага пераезду беларуска-польскай мяжы на ровары ў пункце пропуску "Варшаўскі мост". Сабраныя подпісы плануецца накіраваць ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, Памежны камітэт і кіраўніку Люблінскага ваяводства.
Вось што распавёў Еўрарадыё каардынатар кампаніі "За Вела-Брэст" Уладзімір Красько:
"Мы сустрэлі вялікую падтрымку сярод жыхароў Любліншчыны, а таксама сярод прадстаўнікоў улады. Напрыклад, у Любліне мы сустрэлі дэпутата гарадскога савета, які выказаў нам сваю падтрымку і папрасіў далучаць яго да вырашэння гэтага пытання".
Нагадаем, што на сённяшні дзень немагчыма праехаць на ровары пункт пропуску "Варшаўскі мост". Дакладна вядома, што забараняюць праезд не беларускія памежнікі, а іх калегі з польскага боку мяжы. Афіцыйная прычына забароны, нібыта, у тым, што пункт пропуску не абсталяваны для пераезду на ровары. Велаактывісты называюць такую пазіцыю польскіх памежнікаў абсурднай. Вядома, што праезд на мапедзе дазволены, хоць габарыты і неабходныя ўмовы бяспекі для мапеда і ровара аднолькавыя.