Беларускія апазіцыянеры ўдвая папулярнейшыя за Дзмітрыя Яраша?
25 траўня украінцы выбралі свайго пятага прэзідэнта, Еўрарадыё шукала падабенствы і адрозненні з Беларуссю.
“Выбаршчыкі, якія трапілі на выбарчы ўчастак да 20 гадзіны і не паспелі прагаласаваць, безумоўна, змогуць гэта зрабіць і пасля афіцыйнага завяршэння галасавання”, — кажуць журналістам прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама ў ноч пасля галасавання.
Чэргі на ўчастках насамрэч былі цэлы дзень. У Кіеве людзі чакалі ў чэргах нават больш за гадзіну. Таму такі крок Цэнтрвыбаркама можна зразумець. З аднаго боку, а з іншага — гэта парушэнне. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, яўка выбаршчыкаў склала крыху больш за 60%. Гэта значна менш за беларускія 90% — менавіта столькі чалавек з правам голасу брала ўдзел у апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Праўда, вялікіх чэргаў на выбарчых участках у нас не бывае, таму высокую яўку трэба тлумачыць ці магчымасцю прагаласаваць датэрмінова, ці яшчэ чым.
Перамагае на выбарах прэзідэнта Украіны Пётр Парашэнка. І робіць гэта з нечакана высокім для нашых паўднёвых суседзяў вынікам — каля 55% галасоў. Але да кіраўніка Беларусі яму далёка, на апошніх выбарах Лукашэнка меў амаль 80%. На другім месцы ва украінцаў Юлія Цімашэнка (13%), трэці — радыкал Алег Ляшко (крыху больш за 8%).
Калі параўноўваць гэтыя вынікі з афіцыйнымі беларускімі, то ў нас на другім месцы ў 2010 годзе з вынікам 6,5% кандыдат “Супраць усіх”. Афіцыйныя вынікі Андрэя Саннікава (амаль 3%), Рыгора Кастусёва (2%) і Уладзіміра Някляева (таксама каля 2%) хоць і лічацца сфальсіфікаванымі, але ўдвая большыя, чым ва ўжо легендарнага радыкала і нацыяналіста Дзмітрыя Яраша. Ён на прэзідэнцкіх выбарах набірае толькі 1% галасоў.
Цікава таксама параўнаць колкасць кандыдатаў. У Беларусі іх было,вядома, менш. “Усяго” 10 чалавек. Ва Украіне — ажно 23, выбарчыя бюлетэні выглядалі як доўгія прасціны паперы. Але калі ўлічыць, што палітычнае жыццё ў нашых паўднёвых суседзяў куды больш вірлівае, а колькасць насельніцтва ў чатыры разы большая, то атрымаюцца іншыя лічбы. У Беларусі прыкладна адзін кандыдат на мільён насельніцтва, а ва Украіне — удвая менш.
Складаней параўноўваць парушэнні. Падлік галасоў ва Украіне пакуль не скончаны, а назіральнікі не дапісалі свае справаздачы. Аднак большасць з іх (у тым ліку, і сама ЦВК Украіны) мяркуюць, што выбары 25 траўня насамрэч былі дэмакратычнымі і свабоднымі. Нават нягледзячы на тое, што месцамі іх увогуле не ўдалося правесці.
“Таксама ёсць інфармацыя па тое, што ў Новаайдарскім раёне 25 красавіка адбываліся баявыя дзеянні, у сувязі з чым выбарчыя камісіі прыпынялі дзейнасць”.
Што тычыцца Беларусі, то ў нас усё прасцей — апошнімі агульнапрызнанымі беларускімі выбарамі былі прэзідэнцкія 1994 года. Цікава, што згодна з дадзенымі штаба кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, у першым туры ён тады атрымаў 54% галасоў. А кандыдат ад улады Вячаслаў Кебіч — каля 13%. Нішто сабе супадзенне.