Беларускія баскетбалісткі выйшлі ў паўфінал чэмпіянату Еўропы (відэа)
У чвэрцьфінале ў драматычным матчы была абыграная каманда Літвы — 68:66. Беларускі патрапілі і ў перадалімпійскі кваліфікацыйны турнір.
Жаночая баскетбольная зборная Беларусі выйшла ў паўфінал чэмпіянату Еўропы. У сераду, 24 чэрвеня, у чвэрцьфінале ў драматычным матчы была абыграная каманды Літвы — 68:66 (16:10, 17:9, 18:24, 17:23). Самай выніковай была Верамеенка — 15 ачкоў і 9 падбораў. У Ліхтаровіч — 14 ачкоў, 3 падборы і 2 перадачы. У Хардзінг 12 ачкоў, 8 падбораў і 6 перадачаў. Сныціна набрала 11 ачкоў, у яе таксама 4 падборы і 3 перадачы. 10 ачкоў і 4 падборы на рахунку Паповай.
У іншым матчы 1/4 фіналу Сербія выйграла ў Турцыі — 75:63 (18:18, 10:9, 26:11, 21:25). Такім чынам, у пятніцу, 26 чэрвеня, пройдзе паўфінальны матч Беларусь — Сербія, пачатак а 19-й гадзіне.
Дзякуючы патрапленню ў чацвёрку лепшых на кантынентальным першынстве, беларускі патрапілі і ў перадалімпійскі кваліфікацыйны турнір, які пройдзе ў 2016 годзе.
У чацвер, 25 чэрвеня, адбудуцца яшчэ два чвэрцьфіналы, у якіх згуляюць Іспанія і Чарнагорыя, Францыя і Расія.
Фінал і матч за 3-е месца прызначаныя на нядзелю, 28 чэрвеня.
Фота: Прессбол