Беларускія чыноўнікі спадзяюцца, што недахоп рабочых кампенсуюць робаты

"Робат не просіць адпачынку" / pixabay.com
Беларускія чыноўнікі спадзяюцца, што недахоп рабочых у будаўнічай сферы кампенсуюць робаты. Пра гэтую праблему ў эфіры тэлебачання паразважаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.
"Пераламаць сітуацыю і захаваць якасць работ, якія праводзяцца на будаўнічай пляцоўцы, будзе цяжка без шырокага ўкаранення механізаваных і рабатызаваных комплексаў, — кажа міністр. — ...Возьмем, дапусцім, кладку цэглы. Важна, каб высокакваліфікаваны рабочы выконваў сур'ёзныя задачы. Як кажуць на будаўнічым слэнгу, заводзіў вуглы, а зрабіць парадоўку, то-бок укладаць цэглу ў сцяну, можа і робат. Такі вопыт ужо ёсць у нашых суседзяў".
Што прываблівае ў робатах чыноўнікаў? "Робат не просіць адпачынку і можа працаваць круглыя суткі!", — падкрэслівае Пархамовіч.
Той жа міністр архітэктуры і будаўніцтва падчас наведвання Смаргоні наракаў, што даводзіцца "канкурыраваць з сілавымі структурамі, куды часта пераходзяць працаваць спецыялісты не толькі будаўнічых арганізацый". Ён заявіў, што прадпрыемствам "неабходна актыўна змагацца за свае кадры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.