Беларускія цягнікі пусцілі ў абыход Данецкай вобласці праз Расію

На чыгунцы ў Данецкай вобласці адбылося сем выбухаў за суткі! Супрацоўнікі чыгункі толькі і паспяваюць рамантаваць дарогу. Пацярпелых пакуль няма, але сур'ёзныя затрымкі з'явіліся і ў беларускіх цягнікоў.

Так, цягнік Анапа — Мінск прыбудзе са спазненнем на 19 гадзін. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў даведцы мінскага чыгуначнага вакзала:

"Ён спазняецца на 19 гадзінаў. Ён павінен быў прыбыць у 10.05 раніцы. А прыбудзе заўтра а 5-й раніцы".

Спачатку гэты цягнік праз падрывы спазніўся ў Анапу, таму і назад ідзе са спазненнем. Яго маршрут раней праходзіў праз Данецкую вобласць, дзе тэрарысты ўчынілі падрывы чыгункі. Цяпер цягнік едзе ў аб'езд Данецкай вобласці праз Расію, кажуць у Данецкай чыгунцы.

"Ён ідзе абходным маршрутам: з Растова паварочвае праз Мілерава, Чарапкова, Ліскі, Валуйкі, далей Купянск, Харкаў, а з Харкава сваім маршрутам".

На тэрыторыю Украіны ў раёне Харкава цягнік уехаў 25 чэрвеня раніцай. Хаця а 10-й раніцы яго ўжо чакалі ў Мінску. З Харкава да Мінска яму ехаць каля 16,5 гадзін.

Са спазненнем ідуць яшчэ некалькі цягнікоў з Расіі, якія праходзяць па ўкраінскай тэрыторыі. Іх таксама пусцілі ў аб'езд. Застаўся толькі адзін беларускі цягнік, які едзе праз Данецкую вобласць.

"Адзін цягнік застаўся — Баранавічы — Марыупаль. Ён едзе ў Марыупаль і назад да вас. Там яшчэ дарога ёсць неперакрытая", — расказваюць ва ўкраінскай чыгунцы.

За дзень у Данецкай вобласці адбылося 7 падрываў чыгункі. Палатно толькі паспяваюць рамантаваць, каб не спыняць рух.

"Паўсюль вядуцца аднаўленчыя працы, — расказваюць Еўрарадыё ў данецкай чыгунцы. — Стараемся там, дзе можна аб'ехаць, мяняць маршруты, але такое пакуль было нячаста. Маршрут давялося мяняць толькі 3-4 разы. Пакуль падрываюць у такіх месцах, дзе можна зрабіць. Масты пакуль не падрываюць. Там, дзе складана дабрацца, нібыта не паскудзяць. Недзе метр, недзе 2-3, недзе 5 метраў пуцей падарвуць. Калі аператыўна паспяваем пад'ехаць, то за некалькі гадзінаў аднаўляем рух".

Чыгуначнікі паведамілі пра пашкоджанні на перагонах "Горлаўка — Панцеляймонаўка" і "Горлаўка — Новабахмутаўка". Выбухі адбыліся на трох участках чыгункі ў горадзе Горлаўка. У двух выпадках збою ў руху цягнікоў не было. У трэцім выбух пашкодзіў чатыры метры рэек на перагоне "Дэлііўка — Нікітаўка".

Стары маршрут

Новы маршрут

Фота: mediakuzbass.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі