Беларускія студэнты ў Польшчы ўцяклі з-пад каранціну і праехалі палову краіны
У Польшчы чацвёра беларускіх студэнтаў парушылі каранцін і праехалі палову краіны, пакуль іх не спыніла паліцыя.
Як піша "Выборча", кампанія з двух хлопцаў (22 і 23 гады) і дзвюх дзяўчат (20 і 22 гады) на каталіцкі Вялікдзень выехала з Варшавы і паехала ў горы Бяшчады, не зважаючы на абвешчаны ў Польшчы каранцін. Яны без перашкодаў праехалі палову краіны, пакуль у Букаўцы на іх машыну з замежнымі нумарамі не звярнула ўвагу паліцыя.
Маладыя людзі спярша заявілі, што вяртаюцца з Перамышля ў Варшаву, дзе яны вучацца, але збіліся з дарогі. Аднак падчас допыту высветлілася, што паездка ў горы была запланаваная. Спецыяльна для паездкі студэнты купілі наркотыкі, якія яны ўжывалі ўсю дарогу ад Варшавы.
У машыне паліцыянты знайшлі пакеты з марыхуанай і сушаныя галюцынагенныя грыбы.
За парушэнне каранціна студэнтаў аштрафавалі на 500 злотых.
Мужчыны будуць дадаткова адказваць за захоўванне і распаўсюд наркотыкаў. Акрамя таго, кіроўца адкажа за кіраванне аўтамабілем пад уздзеяннем наркотыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.