Беларускую дзяржкампанію падазраюць у крадзяжы з бюджэту Украіны: актывы забралі
Беларускае дзяржпрадпрыемства падазраюць у крадзяжы і вывадзе грошай за мяжу / pexels.com
Кіеўская пракуратура забрала ў беларускай кампаніі 1,5 млн грыўняў і перадала актывы ў кіраванне Агенцтву па вышуку і менеджменту актываў (АРМА). Пра гэта паведамляе прэс-служба Кіеўскай гарадской пракуратуры.
— Следствам устаноўлена, што ў Кіеве і на тэрыторыі іншых рэгіёнаў ажыццяўляюць сваю дзейнасць шэраг беларускіх кампаній. Канчатковым бенефіцыярным уладальнікам названых кампаній з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.
Праваахоўнікамі даследуецца дзейнасць кампаній на прадмет прысваення сродкаў дзяржаўнага бюджэту Украіны, якія вылучаліся на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт аўтамабільных дарог з іх наступнай легалізацыяй і вывадам за мяжу, а таксама магчымага фінансавання дзеянняў, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады, змены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Украіны.
Кампанія не называецца. Яе банкаўскія рахункі арыштаваныя.
Еўрарадыё пісала, што на будаўніцтве дарог ва Украіне зарабляў алігарх Мікалай Варабей са сваім "Нафтабітумным заводам", а таксама кампаніі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — "Белзамежгандаль" і "Белаўтадар-Украіна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.