"Белавія" ў 2019-2020 гадах атрымае пяць самалётаў Embraer
У 2019-2020 гадах кампанія "Белавія" атрымае ў лізінг пяць самалётаў Embraer. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар авіякампаніі Анатоль Гусараў, інфармуе БЕЛТА.
Самалёты перадасць ірландская кампанія Nordic Aviation Capital. Паводле дамовы, "Белавія" атрымае тры авіялайнеры Embraer-195 і два — Embraer-175. Самалёты з заводу-вытворцы будуць перададзеныя на ўмовах аператыўнага лізінгу на 12 гадоў.
Два Embraer-195 і адзін Embraer-175 мусяць прыбыць у Беларусь у красавіку 2019 года. Два астатнія самалёты будуць пастаўленыя ў снежні 2019-га і красавіку 2020-га. "Тры з пяці самалётаў мы атрымаем да II Еўрапейскіх гульняў", — падкрэсліў гендырэктар "Белавія".
Авіялайнер Embraer-175 разлічаны на 76 пасажыраў (12 крэслаў бізнэс-класа і 64 — эканом-класа). Салоны Embraer-195 змяшчаюць 11 месцаў у салоне бізнэс-класа і 96 месцаў — у салоне эканом-класа. Пасля завяршэння тэрміну лізінгу яны вернуцца лізінгадаўцу.
Цяпер беларуская авіякампанія мае чатыры самалёты Embraer. Сёлета "Белавія" плануе атрымаць яшчэ тры новыя самалёты, набытыя ва ўласнасць. Разам з перададзенымі па лізінгу ў 2019-2020 гадах у кампаніі будзе 12 авіялайнераў Embraer.