"Белкамунмаш" не дапусцілі да тэндэраў на пастаўку электробусаў у Маскву
Фота: transphoto.ru
Маскоўскія ўлады абвясцілі вынікі першых двух конкурсаў па закупцы пасажырскіх электробусаў. Пераможцамі прызнаныя расійскія прадпрыемствы "Камаз" (уваходзіць у "Растэх") і група ГАЗ Алега Дзерыпаскі, пішуць "Ведамасці".
Кожнае з прадпрыемстваў паставіць для "Масгартранса" па 100 электробусаў. Кошт кожнага кантракту – 6,35 млрд расійскіх рублёў ($100 млн). Умовы тэндару прадугледжваюць 15-гадовае сервіснае абслугоўванне і ўстаноўку 62 ультрахуткіх зарадных станцый.
Канкурэнцыю расійскім вытворцам складаў беларускі завод "Белкамунмаш", аднак яго заяўкі на ўдзел у абодвух конкурсах былі прызнаныя не адпаведнымі патрабаванням. Адно з патрабаванняў конкурсу – расійская лакалізацыя, якой не мог адказваць "Белкамунмаш", тлумачыць крыніца "Ведамасцяў", блізкая да мэрыі Масквы. У беларускай кампаніі былі не ў парадку дакументы, кажа яшчэ адна крыніца выдання ў "Масгартрансе".
Магчымасць пастаўляць электробусы ў Маскву і іншыя гарады Расіі "Белкамунмаш" прапрацоўваў са жніўня 2017 года. "У Маскве ўжо завяршаецца досведная эксплуатацыя, плануецца, што ў верасні яна пачнецца ў Санкт-Пецярбургу. Створаная рабочая група для выпрацоўкі падыходаў да ўкаранення гэтага віду транспарту ў Екацярынбургу, вызначаюцца маршруты", – каментаваў начальнік упраўлення маркетынгу і продажаў у Беларусь і Расію ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Белкамунмаш" Віталь Шкуратаў.
Сайт abw.by адзначае, што пад патрабаванні маскоўскага тэхнічнага задания (не даўжэй за 12,5 м, тры двухстворкавыя службовыя дзверы) не падыходзіў ні адзін з існуючых "у метале" беларускіх электробусаў "Вітаўт". У той жа час, пра электробус, які збіраўся прапанаваць Маскве "Белкамунмаш", нельга сказаць нічога пэўнага – на прадпрыемстве не хацелі раскрываць інфармацыю пра гэту машыну да аўкцыёнаў.