"Белшына" ў Бабруйску спыніла сваю працу
17 лютага спынілі сваю працу тры ключавыя прадпрыемствы "Белшыны" ў Бабруйску — заводы масавых, буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шын.
У каментары "Коммерческому курьеру" работнікі прадпрыемства патлумачылі, што няма сыравіны. Персанал адпраўлены ў вымушаныя адпачынкі з захаваннем дзвюх трацінаў заробку.
Начальнік аддзела ідэалагічнай і сацыяльнай работы ААТ "Белшына" Юрый Андрыеўскі заявіў журналістам, што заводы масавых шын і буйнагабарытных шын павінны запусціцца 21 лютага. А завод звышбуйнагабарытных шын адновіць працу не раней за 1 сакавіка.
Працуе пакуль толькі рамонтна-механічны завод.
Прычынай спынення Андрыеўскі назваў "правядзенне рамонту і тэхнічнага абслугоўвання тэхналагічнага абсталявання з выпраўленнем непаладак".
Па словах Андрыеўскага, завод звышбйнагабарытных шын ужо выканаў лютаўскі план па выпуску прадукцыі.
Калі журналісты спыталіся, ці сапраўды ў "Белшыны" ёсць праблемы з сыравінай, галоўны ідэорга прадпрыемства адказаў: "Ёсць пэўныя праблемы, але яны могуць быць вырашаныя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.