Бескарысны дакумент — у МЗС пракаментавалі Акт аб дэмакратыі для Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі / www.facebook.com/belarusmfa​
Міністэрства замежных спраў Беларусі / www.facebook.com/belarusmfa

Непрыязным крокам і непрыхаваным умяшаннем назвалі ў МЗС Беларусі "Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі", ухвалены парламентам ЗША і падпісаны прэзідэнтам Дональдам Трампам. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, сваё стаўленне да дакумента беларускі бок ужо неаднаразова фармуляваў. І большай увагі "гэты, мякка кажучы, з усіх пунктаў гледжання дзіўны і бескарысны дакумент наўрад ці варты", — сказаў Глаз.

"Пры гэтым варта разумець, што менавіта так выглядае адназначна непрыязны крок і непрыхаванае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы", — адзначыў таксама прадстаўнік МЗС.

Разам з тым, паводле яго слоў, Беларусь "па-ранейшаму настроеная на нармалізацыю адносін з ЗША", але толькі ў рамках раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу.

Напярэдадні стала вядома, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў Акт аб дэмакратыі для Беларусі. Раней (21 снежня) дакумент быў зацверджаны Сенатам. Ён уключае ў сябе сярод іншага заклік да новых выбараў, прызнанне Каардынацыйнай рады законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і заклік вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Акрамя гэтага дакумент дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі