“Без агульнага замесу”: пратэст + гвалт = непрызнанне палітзняволеным?

“Без агульнага замесу”: пратэст + гвалт = непрызнанне палітзняволеным?

У кастрычніку дзейныя беларускія ўлады ліквідавалі яшчэ адну праваабарончую арганізацыю — Беларускі Хельсінкскі камітэт, які існаваў з восені 1995 года. Ці змогуць і далей праваабаронцы з БХК дапамагаць людзям нягледзячы на адсутнасць магчымасці афіцыйна ажыццяўляць сваю дзейнасць?

— Наш [беларускі. — Еўрарадыё] закон гаворыць, што калі ў вас няма пячаткі і афіцыйнай рэгістрацыі, то вас не існуе. Насамрэч, калі мы звернемся да міжнародных стандартаў, то свабода асацыяцый гаворыць аб тым, што людзі маюць права ствараць разам арганізацыю і рабіць нейкую дзейнасць. У гэтым сэнсе каманда БХК застаецца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё старшыня БХК Алег Гулак. — Формы работы мы будзем выбіраць з улікам таго, якім чынам гэта можна зрабіць з улікам бяспекі для людзей, з улікам сэнсаў, якія будуць на гэты момант.

Раней мы маглі рабіць маніторынг публічна, таму што мелі рэгістрацыю. Зараз, можа быць, гэта будзе немагчыма. Будуць адмаўляць у інфармацыі, могуць быць пераследы людзей. Але застаецца па-ранейшаму магчымым рабіць нашу працу ў кантэксце міжнароднай абароны, апісваць сітуацыю і звяртацца да міжнародных інструментаў. Гэта ўсё застаецца. Для камітэта па правах чалавека, для спецдакладчыка ААН ці дамоўных органаў няма розніцы, зарэгістраваны БХК ці не.

На цяперашні момант палітвязнямі ў Беларусі прызнана больш за 800 чалавек. У інтэрнэт-супольнасці да праваабаронцаў калі-нікалі ўзнікаюць пытанні: чаму прызнаюць не ўсіх “палітычных”, якіх затрымалі беларускія сілавікі, і як увогуле адбываецца працэдура прысваення статусу палітвязня?

— Ёсць некалькі прынцыповых момантаў, якія не дужа ўлічваюць, — адказвае Алег Гулак. — Самае галоўнае — нельга гіпербалізаваць інструмент прызнання, каб не атрымалася, што палітзняволенымі мы будзем прызнаваць усіх, за кім па верагодна палітычных матывах ідзе пераслед. Мы не можам займаць такую пазіцыю, калі ўсе, каго пераследуюць, аўтаматам з’яўляюцца палітзняволенымі.

Застаецца пытанне гвалту [з боку затрыманых. — Еўрарадыё] і метадаў, якія не могуць быць апраўданымі з пункту гледжання міжнародных стандартаў. Тое, што беларускі пратэст сапраўды быў мірны, не значыць, што асобныя людзі не маглі рабіць гвалтоўных дзеянняў. І з гэтым трэба разбірацца, гэта няпроста. Таму не можа быць так званага агульнага замесу. Якраз гэтым мы і адрозніваемся ад тых, хто гэты палітычны пераслед робіць. На жаль, людзі не разумеюць гэтай логікі. Мова правоў чалавека трошкі адрозніваецца ад мовы палітыкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі