Без намёкаў. Як вайна разбурыла эканоміку адной вялікай краіны
Непад’ёмныя рэпарацыі, вар’яцкі рост цэн і абясцэненая нацыянальная валюта — гэтым скончылася вайна для адной з краін Еўропы.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” прыгадвае, як Першая сусветная вайна адбілася на Германіі, а неэфектыўныя дзеянні ўрада прывялі яе да гіперінфляцыі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснымі хаўруснікамі Беларусі выпадковыя.
Саюзная параза
Германія не праводзіла “спецаперацыю”, але трапіла ў Першую сусветную вайну праз складаную сетку палітычных саюзаў. Яе ўцягнула ў канфлікт Аўстра-Венгрыя, якая аб'явіла вайну Сербіі ў 1914 годзе.
Спойлер: удзел у гэтай вайне загубіў нямецкую эканоміку. Спачатку Германія выдаткоўвала вялізныя сродкі на барацьбу з Антантай. А пасля паразы — плаціла непад'ёмныя рэпарацыі дзяржавам-пераможцам.
У чэрвені 1919 года адбылося падпісанне мірнай Версальскай дамовы, якая моцна адбілася на Германіі. У рамках гэтай дамовы яна пазбавілася ўсіх сваіх калоній, вярнула Францыі Латарынгію і Эльзас, а таксама надзяліла яе правам 15 гадоў эксплуатаваць рэсурсы Саарскай вобласці. Праз гэта Германія страціла 35% выплаўлення сталі і 75% здабычы руды. Рэпарацый налічылі ёй на 132 мільярды марак.
Трэба плаціць (маркі не прымаюцца)
Дзяржаўны доўг вырас у 32 разы, а людскія страты ацэньваюцца ў 7,5 мільёна чалавек. Аб'ёмы прамысловай вытворчасці ў канцы 1918 года склалі ўсяго толькі 57 адсоткаў ад узроўню 1913 года. У два разы скарацілася сельскагаспадарчая вытворчасць. Як вынік: на пачатак пасляваеннага перыяду аб'ёмы нацыянальнага даходу складалі толькі палову даваенных.
Еўропа не прымала ў якасці рэпарацый звычайныя маркі. Каб абслугоўваць гэты доўг, трэба было экспартаваць тавары за валюту. У выніку ўсё, што мела каштоўнасць — перш за ўсё прыродныя рэсурсы, — вывозілася за мяжу. Заробкі ўнутры краіны плацілі маркамі. Каб забяспечыць імі працоўных, Рэйхсбанк запусціў друкарскі станок.
Мільянеры, мільярдэры і нават трыльянеры
Фінальным ударам для эканомікі стала інфляцыя, якая ў 1923 годзе атрымала прыстаўку “гіпер”. За некалькі месяцаў грашовая маса павялічылася ў 132 тысячы разоў, цэны — у 854 тысячы разоў, а курс долара — у 400 тысяч разоў.
Гэта найбуйнейшае абясцэньванне ў гісторыі папяровых грошай. Заробак налічваўся ў трыльёнах марак.
Дзяржаўныя друкарні не паспявалі друкаваць грошы, даводзілася прыцягваць прыватнікаў. Часам нулі на банкнотах прастаўлялі штампамі. Дзеля скарачэння расходаў ахвяравалі якасцю банкнотаў: эканомілі на паперы і фарбах. У выніку з'явіліся аднабаковыя маркі, надрукаваныя на паперы нізкага гатунку. Імі сталі паліць у печы — гэта было танней, чым купляць дровы. Таксама маркамі абклейвалі сцены замест шпалер. Банкнотам з самым вялікім наміналам сталі 100 трыльёнаў марак.
Кожныя два дні цэны падвойваліся — інфляцыя дасягнула паказчыка ў 3,2 мільёна адсоткаў у месяц. Батон хлеба падаражэў да 400 мільярдаў марак. Усяго за два тыдні лістапада мяса паднялося ў цане ў 25 разоў — з 36 да 900 мільярдаў марак за паўкіло.
Чым усё скончылася?
Самастойна справіцца з эканамічным калапсам Германія не змагла. На дапамогу ёй у 1924 годзе прыйшлі ЗША з “планам Даўэса”. Ён прадугледжваў памяншэнне рэпарацый: некаторая частка плацяжоў пакрывалася за кошт даходаў чыгунак і прамысловасці, таму эканоміка Германіі знаходзілася пад кантролем рэпарацыйных агентаў. Таксама дапамаглі і інвестыцыі ў эканоміку Германіі, якія, апроч ЗША, ладзіла і Вялікабрытанія.
У 1929 годзе “план Даўэса” заменіць “план Юнга” — другі план рэпарацыйных выплат Германіі. У адпаведнасці з ім памер штогадовых плацяжоў быў паніжаны на 20%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.