Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у судзе часткова прызнаў віну

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у судзе часткова прызнаў віну

У Мінску працягваецца суд над бізнэсоўцам і вядомым блогерам Аляксандрам Кныровічам, кіраўніком групы кампаній "Сармат".  Яго вінавацяць у нявыплаце падаткаў і хабарніцтве. Акрамя Кныровіча на лаве падсудных апынуліся яшчэ чатыры супрацоўнікі яго кампаніі "СарматТэрма-Інжынірынг".

На пасяджэнні 19 красавіка Кныровіч паведаміў, што часткова прызнае сваю віну, перадае Радыё "Свабода". Гэта тычыцца абодвух абвінавачанняў — у нявыплаце падаткаў і хабарніцтве.

Наконт нявыплаты падаткаў Кныровіч сказаў, што "не згодны з методыкай разьлікаў" і з тым, як следчыя вызначылі перыяды заніжэння сумы падаткаў. Ён мяркуе, што магла закрасціся памылка больш як на 60 тысяч рублёў. Кныровіч дадаў, што не меў намеру ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Па звестках следчых, з 2008 года кампанія Кныровіча не выплаціла падаткаў амаль на 3,4 мільёна рублёў.

Кныровіч часткова прызнаў віну і ў хабарніцтве. Ён загадваў падначаленаму супрацоўніку кампаніі "СарматТэрма-Інжынірынг" Яўгену Папоўскаму, каб той перадаваў грошы пэўным асобам, але назваў гэта "ўзнагароджаннем". Кныровіч прызнаў суму ў 14 тысяч рублёў. Следства, аднак, кажа пра тры выпадкі хабару на агульную суму 16 тысяч (5 тысяч рублёў, 1 тысяча рублёў, 10 тысяч рублёў і бутэлька каньяку).

Падсудныя Уладзімір Дашкевіч, Андрэй Кускоў і Ігар Максімаў прызналі віну цалкам, Яўген Папоўскі прызнаў віну часткова. Ён адмовіўся прызнаваць, што перадаваў хабар паводле змовы.

Следства вінаваціць Кныровіча, што ён замяншаў сумы падаткаў, дзякуючы фіктыўнай кампаніі "СТІ-трэйдынг", зарэгістраванай у Расіі на імя яго маці. Таксама па словах следчых, кампанія Кныровіча давала хабар службовым асобам у сферы ЖКГ і энергетыкі, каб выйграваць тэндэры на пастаўкі трубаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі