Больш за 40 тысяч беларусаў з'ехалі на заробкі ў Расію за апошнія месяцы
У другім квартале 2022 года на заробкі ў Расію прыехала рэкордная колькасць працоўных мігрантаў / РІА "Новости"
У другім квартале ў Расію на заробкі з'ехала каля 43 тысяч беларусаў, піша аналітычная служба аўдытарска-кансалтынгавай сеткі FinExpertiza са спасылкай на міграцыйную статыстыку МУС РФ. Пры гэтым беларусы складаюць толькі каля 1,5% ад агульнай колькасці працоўных мігрантаў, якія заехалі за апошнія месяцы ў Расію.
На першым месцы — грамадзяне Узбекістана. Яны складаюць амаль палову ўсіх працоўных мігрантаў. У абсалютных лічбах гэта 1,54 млн чалавек. На другім месцы — ураджэнцы Таджыкістана (952 тыс. чалавек, або 30,5% ад усіх працоўных мігрантаў), на трэцім — грамадзяне Кіргізіі (223,4 тыс. чалавек, або 7,2%), потым ідуць грамадзяне Арменіі і Азербайджана. Беларусь займае толькі шостае месца. Радзей за беларусаў на заробкі ў Расію цяпер едуць грамадзяне Казахстана, Кітая, Украіны і Малдовы.
Усяго ў другім квартале 2022 года на заробкі ў Расію прыехала 3,12 млн замежнікаў. Гэта на траціну больш за леташні паказчык і рэкорднае квартальнае значэнне за апошнія 6 гадоў, гавораць у FinExpertiza.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.