Брастаўчан Вялічкіна і Казака асудзілі за пратэст супраць акумулятарнага завода
18 лютага ў Брэсце судзілі двух мясцовых актывістаў. Нагодай стаў іх удзел у так званым "кармленні галубоў" на цэнтральнай плошчы. Кожную нядзелю на кармленне птушак у цэнтры горада збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста. Дазволу на мітынгі пратэсту мясцовыя ўлады не даюць.
У пратаколе на праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна міліцыянты напісалі: "Негатыўна выказваўся ў бок уладаў, чым прыцягваў увагу грамадзян". Яго выклікалі позвай у міліцыю на 16 лютага, а там затрымалі ў ізалятары да панядзелка, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Суддзя Дзмітрый Шурын пастанавіў аштрафаваць Вялчкіна на 382,5 рубля (15 базавых велічыняў).
Актывіста Віталя Казака абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства "з прыцягненнем да правядзення гэтага мерапрыемства грамадзяніна замежнай дзяржавы". Яго аштрафавалі на 1020 рублёў (40 базавых).