Брэсцкі суд прыпыніў адміністрацыйную справу супраць футбольных фанатаў

Брэсцкі суд прыпыніў адміністрацыйную справу супраць футбольных фанатаў

30 кастрычніка адбыўся суд па справе чатырох брэстаўчан, якія збіраліся ў Мінск на шэсце нацыянальнага сцяга. Апазіцыйная акцыя прайшла ў сталіцы яшчэ 10 кастрычніка. У той дзень чатыры маладыя чалавекі выехалі з Брэста ў Мінск на аўтамабілі. Ужо на выездзе з горада іх спынілі супрацоўнікі ДАІ разам з людзьмі ў чорным і зладзілі ператрус у салоне аўто. Па версіі праваахоўнікаў, адзін з маладых людзей быў падобным да асобы, што знаходзілася ў вышуку.

Затым усіх чацвярых даставілі ў Маскоўскі РУУС Брэста і склалі на іх пратаколы за нецэнзурную лаянку, пасля чаго завезлі ў ізалятар, дзе пратрымалі амаль двое сутак. 12 кастрычніка маладых людзей прывезлі ў суд. З чатырох затрыманых толькі адзін прызнаўся, што лаяўся на супрацоўнікаў ДАІ. Астатнія сваёй віны не прызналі, і судовае пасяджэнне перанеслі, каб выклікаць у залу суда сведкаў-міліцыянтаў.

Аднак 21 кастрычніка супрацоўнікі ДАІ на суд зноў не з’явіліся, і пасяджэнне зноў перанеслі.

На трэцяе паседжанне сведкі ўсё ж такі з’явіліся. Абодва супрацоўнікі ДАІ падцвердзілі свае словы ў пратаколе аб тым, што маладыя лаяліся на іх матам падчас затрымання. Негледячы на гэтае, суддзя Раман Карабан справу прыпыніў “з-за малазначнасці правапарушэння”.

Вынікі судовага паседжання Еўрарадыё пракаментаваў адзін з затрыманых Андрэй Кавальчук:

“Нас не апраўдалі! Нам паведамілі, што нашыя дзеянні не нанеслі шкоды, аднак пасядзелі мы ў ізалятары незаконна, таму будзем даказваць далей, каб нас сапраўды апраўдалі”.

Андрэй Кавальчук звязвае пераслед з боку праваахоўнікаў са сваёй грамадзянскай пазіцыяй і ўдзелам ў футбольным фанацкім руху. Па яго словах, пасля вызвалення палітвязня Мікалая Статкевіча ён наведваў усе акцыі апазіцыі, якія праходзілі ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі