Брэсцкі журналіст памёр наўпрост на працоўным месцы
Міхаіл Янчук быў калумністам газеты “Брестский курьер”, сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Сваю калонку палітычнага аглядальніка “Таймер” Міхаіл Янчук вёў бяззменна цягам 20 гадоў. Адзін з выпускаў прыслаў пасля інфаркту з палаты рэанімацыі мясцовай бальніцы.
Міхаілу Янчуку было 63 гады. У маладосці ён працаваў геолагам. Пакінуў чытачам несамавітую кнігу “камчацкіх апавяданняў” пра геолагаразведку “Я — “фирма-27”, выпушчаную са спрыяннем газеты “Брестский курьер”. Падрыхтаваў яшчэ тры кнігі апавяданняў, якія рэдакцыя ў некралогу паабяцала “выдаць як памяць”.
Развітанне з Міхаілам Янчуком у рэдакцыі газеты адбудзецца ў суботу, 13 ліпеня, а 11-й гадзіне. Пахаваюць яго ў вёсцы Сычы Брэсцкага раёна, дзе пахаваныя яго блізкія родзічы.