Брэсцкія будаўнікі вучаць іспанскую мову і едуць у Венесуэлу

Як даведалася Еўрапейскае радыё, заробак ім абяцалі пад 800 долараў. Брэсцкае ААТ “Будтрэст №8” атрымала права будаваць жылыя дамы ў сталіцы Венесуэлы Каракасе.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара Ігара Сільчанкі, гэтае права яны атрымалі на дзяржаўным узроўні, бо іх трэст адзін з найлепшых у Беларусі:

“Гэта вырашана на ўзроўні ўрада”.

З трэста ў Венесуэлу выедуць каля 30 чалавек самых розных будаўнічых спецыяльнасцяў. Прытым, паспрабаваць там папрацаваць могуць не толькі брэсцкія адмыслоўцы, але і будаўнікі з іншых гарадоў і мястэчак.

Спадар Сільчанка сказаў:

“Прыняць удзел у будаўніцтве могуць, вядома, любыя жадаючыя, бо галоўнае — не адкуль яны прыехалі, а каб спецыялістамі былі цудоўнымі”.

Узводзіць у Каракасе нашыя будаўнікі будуць 4-павярховыя жылыя дамы маналітнага выканання.

Заплацяць работнікам у два разы болей, чым у родным трэсце. А таму пры іх звычайным заробку ў 800.000 “зайчыкаў” няцяжка прыкінуць, колькі яны атрымаюць пад венесуэльскім сонцам.

На гэтым тыдні канчаткова закончыцца адбор спецыялістаў, пасля чаго, па словах Ігара Сільчанкі, іх будуць вучыць іспанскай і англійскай мове:

“Нашым работнікам трэба будзе ведаць іспанскую альбо англійскую мовы. Гэта не азначае, што рабочы іх павінен ведаць дасканала – хаця б у агульных рысах. Мы плануем наняць выкладчыка, каб ён іх падвучыў”.

Выезд на будаўніцтва прымеркаваны на лістапад, а пакуль айчынныя будаўнікі будуць праходзіць стажыроўку:

“Плануецца ў гэтым годзе цалкам зрабіць навучанне, стажыроўку. Можа быць нават, у канцы года паедзем, можа быць, у лістападзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі