Брэстаўчанам прапануюць стварыць гарадскі гімн раварыстаў
Гэта робіцца для папулярызацыі веларуху ў горадзе.
Кампанія "За Вела-Брэст" абвясціла адразу тры творчыя конкурсы.
Першы з іх — стварэнне макету сацыяльнай рэкламы. Яе мэта — папулярызаваць выкарыстанне ровару ў якасці штодзённага транспарту ў Брэсце. Таксама велаактывісты прапануюць распрацаваць эскізы разметкі, з якой будуць утварацца будучыя веласцежкі для тратуараў. Апошні з конкурсаў — стварэнне роварнага гімна Брэста, які будзе гучаць на адмысловых мерапрыемствах у горадзе.
Пра патрабаванні да ўдзельнікаў конкурсаў Еўрарадыё распавёў каардынатар кампаніі Уладзімір Красько.
Красько: "Патрабаванні да ўдзельнікаў: яны павінны быць жыхарамі Брэсцкай вобласці ад 16 гадоў. Ёсць тэхнічныя патрабаванні да макетаў і эскізаў (яны выкладзены ў нашых групах у сацыяльных сетках). Ёсць таксама патрабаванне да гімну: каб ён мог добра пакласціся на маршавую, рытмічную музыку".
Пераможцаў конкурсу будзе абіраць адмысловае журы, у якое увойдуць прадстаўнікі мясцовых велаклубаў.
Падрабязней пра конкурсы можна пачытаць у групе "За Вела-Брэст" у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте".
Фота — zszywka.pl