Брудны вузел побач з зялёнымі кварталамі? Канфлікт вакол чыгуначнай станцыі

Дзе з'явіцца станцыя "Мінск-Сартавальны"?

Дзе з'явіцца станцыя "Мінск-Сартавальны"? / @rubanau_collage

Станцыю "Мінск-Сартавальны" хочуць перанесці пад бок жыхарам элітных жыллёвых комплексаў, размешчаных недалёка ад сталіцы.

"Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" падзялілася з Еўрарадыё дакументам, у якім распісаныя планы і апетыты расійскай чыгункі, якая хоча паўдзельнічаць у гэтым праекце. У прэзентацыі праекта расказваецца пра выгады ад удзелу Расіі ў пераносе станцыі "Мінск-Сартавальны" за межы горада.

На вызваленым месцы плануецца пабудаваць раён, "аналагічны Масква-Сіці". А куды падзець само "Сартаванне"? У "Супольнасці чыгуначнікаў" вывучылі план і кажуць, што станцыю плануюць вынесці за межы горада ў раён Калодзішчаў.

Грязный узел рядом с зелеными кварталами? Конфликт интересов вокруг ж/д-станции
Месца магчымага размяшчэння станцыі "Мінск-Сартавальны" / Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі

Вось толькі... зусім побач ужо пабудаваны элітны цэнтр "Зялёная гавань". І многія жыхары не ведаюць пра тое, што ім могуць арганізаваць кругласутачны перастук колаў пад вокнамі.

 

Навошта выносіць "Мінск-Сартавальны" за горад?

"Мінск-Сартавальны" сапраўды даўно планавалі вынесці за межы горада. Гэта прапісвалася яшчэ ў генплане Мінска ў 2016 годзе. Праз тое, што станцыя знаходзілася ў межах горада, жыхары суседніх дамоў пастаянна скардзіліся на шум і не маглі нармальна спаць.

А гэтым летам спаць перасталі і жыхары Калодзішчаў. У ліпені завяршылася грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта "Зялёны бор", і мясцовыя даведаліся, што калі "Сартавальны" нарэшце і прыбяруць з цэнтра горада, то перасунуць бліжэй да іх дамоў. Пра гэта пісалі "Мінск-Навіны".

"Зялёны бор" — велізарны жылы комплекс, які будуюць за МКАДам. Ён разлічаны на 105 тысяч жыхароў — гэта насельніцтва буйнога беларускага райцэнтра. А побач знаходзіцца яшчэ адзін жылы комплекс — "Зялёная гавань". Гэта элітная забудова з гольф-палямі і, галоўнае, цішынёй і чыстым паветрам. І тут — "Мінск-Сартавальны".

Грязный узел рядом с зелеными кварталами? Конфликт интересов вокруг ж/д-станции
Маляўнічыя ваколіцы квартала "Зялёная гавань" / zelgavan.by

Аргументы тых, хто летам выступіў супраць праекта "Зялёнага бору", які ўключае і будаўніцтва новага "Сартавальнага", чыноўнікі палічылі марнымі. Жыхарам Калодзішчаў заставалася суцяшаць сябе толькі тым, што станцыю пабудуюць не ў найбліжэйшыя гады.

Паводле грубай ацэнкі, на вынас "Мінска-Сартавальнага" трэба 220 млн долараў. Ні ў горада, ні ў Беларускай чыгункі на гэта няма грошай. І раптам... яны знайшліся ва ўсходняга суседа.

З дакументаў, якія Еўрарадыё перадала "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі", вынікае, што расіяне правялі перамовы з буйным расійскім банкам, і той зацікавіўся праектам. Таксама прадстаўніцтва РЧ у Беларусі і дэпартамент замежных праектаў і міжнароднага супрацоўніцтва РЧ ужо нават абмеркавалі з буйным беларускім дэвелаперам нерухомасці, што можна пабудаваць на вызваленых ад станцыі землях — і той таксама выказаў зацікаўленасць.

 

“У нас няма інфармацыі пра такія рашэнні ўладаў”

У чаце Калодзішчаў — перапалох. Чуткі, што побач могуць пабудаваць сартавальную станцыю, нікому не падабаюцца. У "Зялёнай гавані" пакуль не ў курсе планаў расіян у пераносе да іх пад бок самага шумнага аб'екта Мінска. Ідэя квартала — горад на прыродзе. Вакол — лес і гольф — палі чэмпіёнскага класу. І так, ніякага шуму.

Пад выглядам зацікаўленага ў куплі таўнхаўса кліента карэспандэнтка Еўрарадыё звязалася з кансультанткай праз форму зваротнай сувязі на сайце.

"У нас няма інфармацыі пра такія рашэнні ўладаў, але я ўдакладню ў кіраўніцтва", — напісала нам здзіўленая кансультантка.

Грязный узел рядом с зелеными кварталами? Конфликт интересов вокруг ж/д-станции
Як выглядае элітны раён, побач з якім можа паўстаць чыгуначная станцыя / zelgavan.by

Так, такія аб'екты лепш выносіць за гарады, кажа менеджарка "Зялёнага тэлефона" Паліна Бурко.

— Такія прадпрыемствы ў гарадской мяжы існаваць не мусяць. Гэта не толькі шумавое, але і іншыя віды забруджання. Да таго ж такія прадпрыемствы трэба пашыраць, паляпшаць — а рабіць гэта ва ўмовах гарадской забудовы немагчыма.

Так што ў цэлым перанос станцыі за горад — правільнае рашэнне. Але перанос яе ў канкрэтна гэты раён — не. Нават без дакументаў, без справаздачы пра ўздзеянне на навакольнае асяроддзе ў нас у "Зялёным тэлефоне" паўстала шмат пытанняў да праекта.

Усяго год таму праходзілі грамадскія абмеркаванні праекта будаўніцтва чыгуначных шляхоў у аэрапорт Мінска. І тады ў нас узнікла шмат пытанняў: што будзе зроблена для захавання заказнікаў на гэтых тэрыторыях, што будзе зроблена для захавання папуляцыі жывёл, што будзе пабудавана для барацьбы з шумавым забруджаннем? Гэтыя пытанні засталіся без адказаў, а новы аб'ект па плане будзе будавацца ў тым жа раёне.

Наогул, калі пачынаецца будаўніцтва любога чыгуначнага аб'екта, у эколагаў адразу з'яўляецца шмат пытанняў. Паліна пералічвае толькі некаторыя з іх:

— Не кажучы пра гэты канкрэтны аб'ект, скажу проста: чыгуначны транспарт — гэта заўсёды шумна і брудна. Па-першае, шум: шум падчас руху, шум падчас перачэпкі, сігнальны шум і шум галасавых аб'яваў…

Па-другое, выкіды, і тут спектр вельмі шырокі — выкід падчас працы рухавікоў на паліве, пыленне падчас руху адкрытых вагонаў з насыпным грузам, выкіды падчас захоўвання і перапампоўкі паліва і іншых вадкіх грузаў. А варта ўлічыць, што перавозіць могуць і розныя кіслоты, і небяспечныя адходы.

Па-трэцяе, сцёкавыя воды. Зразумела, што сцёкі будуць накіроўвацца на ачышчальныя збудаванні, і значыць, гэтыя будынкі таксама будуць узводзіцца, і яны таксама з'яўляюцца аб'ектам уздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Выкіды будуць негатыўна ўплываць на раслінны свет, на раслінах будуць асядаць цвёрдыя часцінкі. А што да гэтага канкрэтнага аб'екта, нават пасля павярхоўнага разгляду можна прагназаваць яшчэ і вялікую высечку. І, падобна, высякацца будуць ахоўныя лясы побач з заказнікамі.

А яшчэ такая станцыя небяспечная імавернасцю ўцечкі небяспечных грузаў, дадаюць у супольнасці чыгуначнікаў. Таму што праз станцыю могуць ісці цягнікі і з выбуховымі рэчывамі любога класа небяспекі. Напрыклад, газ, кіслата, аміяк — усё гэта прапускаецца праз "Мінск-Сартавальны".

Грязный узел рядом с зелеными кварталами? Конфликт интересов вокруг ж/д-станции
Як цяпер выглядае Станцыя "Мінск-Сартавальны" / creative commons

Пакуль для мясцовых жыхароў ёсць толькі адна добрая навіна: новая станцыя будзе зусім не такой шумнай, як дзейная. Цяперашні "Мінск-Сартавальны" пабудавалі дзесяцігоддзі таму.

— Якой будзе новая сартавальная станцыя, калі рэалізацыяй праекта зоймецца Расія, пакуль незразумела. Відавочна, што яна будзе пабудаваная на ўзор расійскіх аналагічных аб'ектаў. Яны досыць сучасныя, у расіян ёсць, як бы дзіўна гэта ні гучала, сучасныя тэхналогіі ў гэтым сектары, — кажа Еўрарадыё стваральнік "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі" Сяргей Вайцяховіч.

Калі вы турбуецеся пра будучыню свайго раёна і хочаце слухаць ноччу цішыню, а не цягнікі — можаце звярнуцца па дапамогу ў "Зялёны тэлефон". Там дапамогуць разабрацца з нарматыўнымі актамі, напісаць скаргі ў правільныя інстанцыі — і, магчыма, чыноўнікі вас пачуюць.

"Зялёны тэлефон" не прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Кантакты для сувязі ёсць тут.

 

Станцыю насамрэч даўно трэба было пераносіць

"Мінск-Сартавальны" сапраўды даўно трэба было вынесці з Мінска. У межах горада такога аб'екта быць не мусіць.

— Станцыя працуе кругласутачна, і шум ад "Мінска-Сартавальнага" — даўняя праблема мясцовых жыхароў. Яны проста завальваюць скаргамі Беларускую чыгунку, санэпідэмстанцыю... Маўляў, шумна, спаць немагчыма, — расказвае Вайцяховіч.

Грязный узел рядом с зелеными кварталами? Конфликт интересов вокруг ж/д-станции
Скаргі мясцовых жыхароў на станцыю

А што там наогул робяць, на гэтым "Мінску-Сартавальным"? Тут займаюцца тэхабслугоўваннем цягнікоў і іх фармаваннем/расфармаваннем, кажа Вайцяховіч. Самая гучная аперацыя — менавіта фармаванне/расфармаванне цягнікоў.

— Вагоны на хуткасці распускаюцца з сартавальнай горкі — так ідзе "роспуск" цягнікоў і далейшае назапашванне адчэпаў (групы вагонаў) на шляхах падгорачнага парка для далейшага фармавання новых цягнікоў па розных напрамках. Я жыў у Малінаўцы, але ўначы ў цішыні нават там было чуваць, як на "Мінску-Сартавальным" распускаюць вагоны або фармуюць цягнікі — удары вельмі гучныя.

Падчас адпраўлення цягніка таксама ўсё страшна грыміць. Чаму? Вагоны цягніка змацаваныя аўтасчэпкай, і на стаянцы цягнік бывае сціснуты — гэта значыць, што паміж зубамі аўтасчэпкі не застаецца зазору. А падчас адпраўлення цягнік расцягваецца — і тады вы чуеце грукат, дзясяткі паслядоўных удараў.

І такіх цягнікоў з "Сартавальнага" адпраўляюцца дзясяткі. І горка таксама працуе кругласутачна.

Так, з улікам размяшчэння станцыі ў цэнтры горада, ёсць і забароны — напрыклад, на выкарыстанне пэўных гукавых сігналаў. Выключэнне, вядома, няштатная сітуацыя — калі чалавек на шляхах ці нейкая перашкода.

 

“Масква-Сіці” на месцы “Мінска-Сартавальнага”

Адным словам, так, ужо даўно трэба было даць мінчукам спаць спакойна — і вынесці станцыю за межы горада. Але — самім.

— Гэты праект можна і трэба рэалізоўваць не ва ўмовах "засілля" расійскай інтэрвенцыі і не па "ўказіўцы зверху" з "азіяцкімі партнёрамі", а ў свабоднай канкурэнцыі інвестараў. Толькі ў гэтым выпадку будуць прыгожы і зручны Мінск і эфектыўная БЧ, — перакананыя чыгуначнікі.

Чаму наогул расіяне так зацікавіліся "Мінскам-Сартавальным"? Таму што разглядаюць гэта як вялікі інвестпраект. На вызваленай ад станцыі тэрыторыі яны хочуць пабудаваць вялікі жыллёвы комплекс.

Аўтары прэзентацыі, якая ёсць у распараджэнні рэдакцыі, пералічваюць шмат плюсаў участка, на якім цяпер размешчаная станцыя. Гэта і цэнтральнае размяшчэнне, і зручны заезд з вуліцы Маскоўскай.

"Блізкае размяшчэнне ўчастка да цэнтра і добрая транспартная даступнасць ствараюць умовы для фармавання дзелавога цэнтра зручнага для пражывання раёна, аналагічнага "Масква-Сіці", — гаворыцца ў прэзентацыі.

Экс-міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, які памёр сёлета, спрабаваў адстойваць інтарэсы БЧ і не дапусціць паглынання расійскай чыгункай.

— Ад такіх праектаў ён адбіваўся. І пасажырскія цягнікі "адбівалі" т.зв. парытэтныя ўмовы. Умоўна, калі ёсць расійскі цягнік "Масква — Мінск", то па такім самым маршруце мусіць хадзіць і беларускі састаў з беларускімі цягніковымі брыгадамі.

Але цяпер Беларуская чыгунка непрыкметна ператвараецца ў расійскую. Як гэта адбываецца, мы падрабязна расказвалі ў гэтым матэрыяле.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі