“Брудныя выбары” — так праваабаронцы ацанілі прэзідэнцкую кампанію

Незарэгістраваны праваабарончы цэнтр “Вясна” агучыў папярэднюю справаздачу па выніках незалежнага назірання.

Валянцін Стэфановіч, юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна”:

“Назіральнікі ў асноўным былі сведкамі спосабу падліку галасоў, пры якім сябры камісіі лічылі галасы адначасова ўсе. І кожны падлічваў выключна толькі пэўную колькасць бюлетэняў, перадаючы дадзеныя старшыні камісіі, які пасля такім чынам запаўняў пратаколы пра вынікі галасавання. Такую працэдуру нельга назваць транспарэнтнай”.

Назіральнікаў падпускалі бліжэй да сталоў, чым на мінулых выбарах. Але сябры камісіі, як правіла, калі падлічвалі галасы, стаялі спінай да назіральнікаў вакол стала. Таму тыя не мелі магчымасці бачыць, што там адбываецца, кажа Стэфановіч:

“Гэта, на наш погляд, не дазваляе лічыць аб’яўленыя вынікі выбараў дакладным адлюстраваннем волевыяўлення выбаршчыка”.


Выбары былі недастаткова дэмакратычныя, не празрыстыя, — такую ацэнку выбарам даў  старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

“Па той масе фактаў, што мы сабралі, мы прыходзім да высновы, што гэтыя выбары вельмі і вельмі маглі быць сфальсіфікаванымі.

“Брудныя выбары” — гэтая ацэнка дакладна падыходзіць да гэтых выбараў. І здзіўляцца масаваму пратэсту, які адбыўся ўчора, уладам няма чаго. Ісці на 4-ты тэрмін сумлення хапае, фальсіфікаваць выбары — хапае. А масавыя пратэсты ўспрымаць — моцы не хапае”.


Праваабаронцы звярнулі ўвагу на затрыманне і збіццё кандыдатаў. Яны адзначылі, што “такога яшчэ не было”. Былі збітыя практычна ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты. 7 з 10 кандыдатаў затрыманыя.

Алесь Бяляцкі: “Мы як праваабаронцы бачым палітычны падтэкст гэтага затрымання і патрабуем тэрміновага вызвалення ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Гэта чыстай вады палітычныя пераследаванні”.

У праваабаронцаў няма дакладных лічбаў наконт усіх затрыманняў. Але апошняя інфармацыя, якой яны валодаюць, — 382 чалавекі, з іх 52 жанчыны.

Валянцін Стэфановіч:
“Мы адзначаем некаторыя пазітыўныя моманты гэтай кампаніі — гэта тычыцца ў першую чаргу магчымасці збору подпісаў, агітацыі. Але што тычыцца сістэмных праблемаў — фармаванне выбарчых камісій, адсутнасць дэталізацыі працэдуры падліку галасоў, датэрміновае галасаванне ў той форме, у якой існуе…”

Праваабаронцы кажуць, што ўсё гэта нівелявала пазітыўныя моманты, якія назіраліся падчас сёлетніх выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі