Брытанская разведка адзначыла асаблівасць палёту А-50 з Беларусі ў Расію
А-50 / voentv.mil.by
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў чарговым аглядзе згадала сітуацыю з дыверсіяй на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам. Адзначаецца, што расійскі самалёт "амаль напэўна быў атакаваны" дронам. І яго вымушана адправілі на рамонтны завод у Таганрог. Брытанская разведка адзначыла асаблівасць палёту А-50 з Беларусі ў Расію. Самалёт ляцеў на меншай, чым звычайна, вышыні, што можа сведчыць пра пашкоджанне корпусу.
Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў сцвярджае, што 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах дыверсію здзейснілі "ўдзельнікі плана "Перамога", беларускія партызаны", якія ўжо з'ехалі з Беларусі. Быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 (па словах Лукашэнкі, на ім "драпіны і адна прабоіна"). Азараў лічыць, што сілавікі Лукашэнкі затрымліваюць людзей, якія не маюць дачынення да згаданай акцыі. Па версіі КДБ, акцыю здзейсніў "украінскі тэрарыст" Мікалай Швец, якому дапамагалі беларусы. Па крымінальнай справе, распачатай за "акт тэрарызму", праходзіць больш за 20 чалавек. Аднак у гэтай версіі хапае супярэчнасцяў.
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў маштабную "зачыстку" Беларусі ад іншадумцаў. КДБ рапартуе, што "маштабныя мерапрыемствы" ўжо праводзяцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.