Будучыя кандыдаты забываюць пра 1,5 мільёна долараў даходу

"На першым месцы неадпаведнасць подпісаў падчас вылучэння ініцыятыўнымі групамі. Другое — недакладнасць звестак, указаных у дэкларацыі пра даходы і маёмасць. Ну, і непрадстаўленне неабходнага камплекта дакументаў", — кажа сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

З 353 незарэгістраваных — амаль 300 чалавек ад кампаніі "Гавары праўду", яшчэ каля 30 — ад АГП.

Шмат каго не зарэгістравалі з-за подпісаў. Паводле слоў Андрэя Дзмітрыева, камісіі хадзілі па кватэрах і апытвалі людзей, ці падпісваліся яны. Некаторыя не маглі ўзгадаць, і на гэтай падставе подпісы прызнаваліся несапраўднымі. Праўда, прызнаецца, былі выпадкі, дзе вінаваты самі кандыдаты.

Ад АГП не прайшлі рэгістрацыю каля 27%. Некаторыя забыліся паказаць маёмасць. Некаторыя няправільна пазначылі… нумар акругі.

"Гэта чалавечы фактар. І камісія, якая прымае дакументы, магла б сказаць: прабачце, там не "23", а "24" нумар акругі, на якой мы прымаем дакументы. Але ж не. Гэта замоўчваюць, а потым кажуць: ах, вы падалі не той нумар акругі. У нас самы высокі паказнік адмоваў сярод усіх апазіцыйных структур, і гэта рэфлексія на пасланне, з якім мы ідзём да людзей", — кажа старшыня партыі Анатоль Лябедзька.

У Мінску ідзе ў дэпутаты 191 кандыдат, кажа старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі Марат Жылінскі. Адмовілі 69 кандыдатам. Большасці з-за памылак у падпісных лістах. 24 чалавекі падалі скаргі, пакуль толькі адну задаволілі.

"У лістах даты прастаўлены адной рукой. Людзей шкада, бо яны сапраўды збіралі подпісы, але адна рука ставіла даты, а гэта парушэнне. Бывалі выпадкі, калі несапраўднымі прызнавалі 15,1% подпісаў, а згодна з законам не можа быць больш чым 15%", — тлумачыць Марат Жылінскі.

У Мінску здарыўся і ўвогуле неверагодны выпадак — прадпрымальнік забыў паказаць прыбытак у… 14 мільярдаў рублёў, гэта амаль 1,5 мільёна долараў! Цяжка забыцца на такія грошы.

Фота: udf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі