Бягун: Сірыйскія ўцекачы змогуць трапіць у Беларусь толькі ў якасці студэнтаў
Патрабаванне Партыі БНФ да беларускіх уладаў не дапусціць у Беларусь сірыйскіх уцекачоў выклікала вялікае абурэнне. Але як апынулася, не з пустога месца была зробленая такая заява.
“Па нашай інфармацыі вядуцца перамовы па лініі ААН з беларускім урадам аб тым, каб прымаць яшчэ большую колькасць мігрантаў з Сірыі”, — дзеліцца сакрэтам старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. І тлумачыць: “Нас у першую чаргу турбуе тое, што грамадства мае абмежаваную інфармацыю на гэты конт і што такія рашэнні, калі яны будуць прымацца, ізноў жа прымаюцца без уліку меркавання беларусаў”.
Аляксей Янукевіч
А можа, даводзіць далей Янукевіч, не будзе ўлічвацца меркаванне і саміх сірыйцаў: яны хочуць у Заходнюю Еўропу, а іх, не пытаючы, перанакіруюць у Беларусь, пра якую яны ніколі ў жыцці не чулі. І яшчэ адно, што хвалюе Партыю БНФ: грошы, якія выдаткоўвае ААН на арганізацыю знаходжання сірыйскіх уцекачоў у Беларусі, могуць падасца нашым уладам “цікавым і прывабным кавалкам, у той час, калі гэта не ў інтарэсах саміх беларусаў”.
Да ўсяго, папярэджвае Янукевіч, мы ж не нейкія дзікуны, каб людзей у нейкіх лагерах ці гета трымаць і не спрабаваць іх інтэграваць у грамадства.
Ці адпавядаюць перасцярогі Партыі БНФ сапраўдным планам ААН і беларускіх уладаў?
“Не-не, гэта ўвогуле — пра што вы кажыце? Не трэба нам тут ніякіх лагераў!” — адмахваецца ад пытання пра хуткае прыбыццё ў Беларусь сірыйскіх уцекачоў кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
Але потым прызнае: у межах Праграмы перасялення варыянт з прыняццем у Беларусі сірыйцаў прапрацоўваецца.
Аляксей Бягун: “Прадстаўніцтва (ААН — Еўрарадыё) ставіла пытанне аб тым, каб мы прынялі студэнтаў, каб падрыхтаваць людзей для сірыйскага грамадства. Каб мы прынялі не ўцекачоў (так, магчыма, яны намінальна і ўцекачы, якія жывуць у лагерах). Размова ідзе каб мы іх прынялі на навучанне, падрыхтавалі, а калі сітуацыі стабілізуецца — вярнулі іх у Сірыю”.
Не трэба Беларусі, кажа Бягун, і грошы на ўзвядзенне лагераў для ўцекачоў — тых трох, што ў нас ужо ёсць, хапае. І хопіць на будучае, калі нарэшце будуць падпісаныя Дамовы аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, па якіх мы абавязаныя будзем прымаць і размяшчаць нелегалаў, што трапілі ў ЕС праз тэрыторыю Беларусі.
Такім чынам, упэўнівае начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, калі ўлады і вырашаць паўдзельнічаць у праграме ААН па рассяленні сірыйскіх уцекачоў, то гэта будуць толькі дадатковыя студэнты ў нашых ВНУ.
Фота Змітра Лукашука