Былы галоўны лекар 1-й мінскай бальніцы асуджаны на 4 года калоніі
Былы галоўны лекар 1-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску Алег Фамін асуджаны на 4 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. 17 траўня суд Завадскога раёна сталіцы яго прызнаў вінаватым у атрыманні хабараў. Фаміну на 5 гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, інфармуе TUT.by.
Алег Фамін трапіў за краты ў чэрвені мінулага года, калі сілавікі аб'явілі пра масавыя затрыманні медыкаў-карупцыянераў. Гэты тэрмін яму залічылі. У лекара знайшлі $140 тысяч, але ў выніку судзілі за хабары ў памеры 3 тысяч долараў ад фірм, якія займаліся медыцынскім абсталяваннем (агулам тры эпізоды). Пра знойдзеныя падчас ператрусу грошы Фамін патлумачыў, што гэта зберажэнні членаў яго сям'і, грошы на адпачынак і г. д.
Былы галоўны лекар прасіў суд улічыць яго бездакорнае мінулае, чыстасардэчнае раскаянне, а таксама знаходжанне на ўтрыманні малалетняга дзіцяці і састарэлага бацькі. Аднак суд вынес такое рашэнне, пра якое і прасіў пракурор.