Міліцыянт з Мсціслава збіваў затрыманых. Яго звольнілі, цяпер ён пад следствам
У дачыненні да былога міліцыянта Мсціслаўскага РАУС распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 426 "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў". Інфармацыю пра гэта Еўрарадыё пацвердзілі ў Следчым камітэце па Магілёўскай вобласці.
Аб затрыманні супрацоўніка Мсціслаўскага РАУС стала вядома з тэлеграм-каналаў. Праваахоўныя органы спачатку ніяк не каментавалі затрыманне свайго былога калегі.
"Распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 426 "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў", у дадзены момант праводзяцца следчыя мерапрыемствы", — распавялі Еўрарадыё ў СК.
Малодшы лейтэнант міліцыі Раеў М.А. быў звольнены з органаў 6 лютага. А ўжо 18 лютага стала вядома, што па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі Магілёўскай вобласці распачатая крымінальная справа.
Звольнілі з органаў Раева за нейкі праступак. А 16 лістапада 2018 года ў Мсціслаўскім РАУС ён збіў затрыманых Швядкова і Купчына, а таксама неназваных жыхароў вёскі Каробчына.
Званне малодшага лейтэнанта ён атрымаў толькі за тыдзень да здарэння, падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.
Гэта не першы раз, калі стала вядома пра ўнутраныя справы органаў унутраных спраў. Еўрарадыё нядаўна пісала пра супрацоўніка Шклоўскага РАУС, затрыманага з наркотыкамі ў Віцебску. Да гэтага ён засвяціўся ў мутнай гісторыі з затрыманнем пенсіянера са Шклоўскага раёна. Пра гэта не паведамляецца на сайтах МУС і УУС. Афіцыйныя прадстаўнікі ведамстваў неахвотна кажуць пра гэтыя выпадкі.
Частка 3 артыкула 426 прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.