Б’ёрндален не будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе ў складзе зборнай Нарвегіі
Уле-Эйнар Б’ёрндален не будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе-2018 у Пхенчхане ў складзе зборнай Нарвегіі. Нацыянальны камітэт гэтай краіны спасылаецца на тое, што спартсмен не выканаў усе крытэрыі алімпійскага адбору. У індывідуальных гонках на этапах Кубка свету ён займаў месцы з 18-га да 52-га. А ў нарвежскай зборнай ёсць біятланісты, якія выступаюць лепш. Яны і паедуць у Паўднёвую Карэю. Прадстаўнік НАК Нарвегіі Турэ Эўрэба ў сваім каментары адзначыў, што Б’ёрндален “заўсёды будзе займаць важнае месца ў гісторыі нарвежскага спорту”.
Уле-Эйнару Б’ёрндалену 27 студзеня споўніцца 44 гады. Ён — знакаміты нарвежскі біятланіст, 8-разовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў. У Алімпіядах ён удзельнічаў з 1992 года. Жонка Б’ёрндалена — беларуская біятланістка Дар’я Домрачава, у 2016-м у іх нарадзілася дачка Ксенія. Сама Домрачава возьме ўдзел у Алімпіядзе 2018-га ў Пхенчхане.