Бюджэтны крызіс не паўплывае на працу амбасады ЗША ў Мінску
“У дадзены момант амбасада ЗША адчынена і працуе”, — паведаміў Еўрарадыё супрацоўнік амерыканскай амбасады.
“Аднак Дзярждэпартамент вымушаны радыкальна скараціць выдаткі і робіць захады дзеля таго, каб зрабіць гэта за кошт абмежавання некаторых відаў дзейнасці, — дадалі ў амбасадзе. — Праца, звязаная з абаронай амерыканскіх грамадзян, інтарэсамі нацыянальнай бяспекі і гандлёва-эканамічнай дзейнасцю, будзе працягнута”.
Нагадаем, 1 кастрычніка ў ЗША пачаўся бюджэтны крызіс, роўнага якому не было з сярэдзіны 1990-х. Апоўначы ў аўторак спынена фінансаванне федэральных установаў краіны. Пад пагрозай звальнення ці адпраўкі ў адпачынак за свой кошт апынуліся 800 тысяч з 2,1 мільёна чыноўнікаў. Раніцай 2 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра тое, што NASA праз бюджэтны крызіс адключыла марсаход Curiosity і тэлескоп Hubble.
Амбасада ЗША ў Варшаве абвясціла пра тое, што праз бюджэтны крызіс вымушаная эканоміць. У прыватнасці, гаворка ідзе пра выдаткі на падарожжы, паведамляе wyborcza.pl. “Усе, хто звярнуўся па амерыканскую візу, запрашаюцца на сумоўе ў адпаведнасці з раней ўзгодненай датай. У сувязі з бюджэтнай сітуацыяй мы вельмі абмежавалі нашы ўнутраныя выдаткі. Гэта не павінна, аднак, адбіцца на польскіх грамадзянах”, — цытуе выданне аднаго з супрацаўнікоў амбасады.
Амбасада ЗША ў Мінску спыніла афармленне амерыканскіх візаў вясной 2008 года. Гэта адбылося пасля таго, як МЗС Беларусі запатрабаваў істотна скараціць колькасць супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтва. З таго часу беларусы ездзяць па амерыканскія візы ў суседнія краіны, найчасцей — у Расію і ў Польшчу.