Цэнтр, у якім пабудавалі адронны калайдар, адмовіўся працаваць з Беларуссю
CERN, Швейцарыя / pixabay
Еўрапейскі цэнтр ядравых даследаванняў CERN заявіў, што плануе спыніць супрацу і ўсе кантракты з Беларуссю і Расіяй з-за вайны ва Украіне, піша ABC News. Гэта адбудзецца не наўпрост цяпер, а ў 2024 годзе. Цэнтр дадае, што “пакідае дзверы адкрытымі” для супрацы ў будучыні.
У сакавіку цэнтр прыпыніў супрацу з Беларуссю і Расіяй. Зараз Рада прыняла фінальнае рашэнне.
“Рашэнне Рады пацвярджае асуджэнне ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну пры спрыянні Беларусі, але пакідаюць дзверы прыадчыненай для працягу навуковай супрацы, калі дазволяць умовы ў будучыні”, — заявіла генеральны дырэктар CERN Фабіёла Джаноцці.
Рада плануе скасаваць пагадненні ЦЭРН пра супрацу з Беларуссю і Расіяй па заканчэнні тэрміну іх дзеяння — то бок, у 2024 годзе. Такія пагадненні звычайна складаюцца на пяць гадоў і падаўжаюцца, калі адна ці абодва бакі загадзя не апавясцілі пра зваротнае жадане.
Амаль 7% з 18 000 даследнікаў CERN да пачатку вайны былі звязаныя з расійскімі інстытутамі. Сярод іншага, расійскія навукоўцы бралі ўдзел у планаванні некалькіх эксперыментаў з вялікім адронным калайдарам, пабудаваным у CERN. Гэтым летам павінен адбыцца трэці запуск калайдара.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.