"Цэны ў крамах там як у Вільні": навошта літоўцы едуць у Беларусь па бязвізе

Пункт пропуску "Шумскас" на літоўска-беларускай мяжы /  "Новая Газета — Балтия"
Пункт пропуску "Шумскас" на літоўска-беларускай мяжы /  "Новая Газета — Балтия"

15 красавіка Беларусь у аднабаковым парадку адмяніла візы для грамадзян Літвы і Латвіі. Да гэтага спіса з 1 ліпеня дадалася і Польшча. Афіцыйная прычына такой меры з боку Беларусі — "падтрыманне добрасуседскіх адносін". На фоне палітычнага крызісу ў краіне і непрызнання рэжыму Лукашэнкі краінамі Балтыі і Польшчай, міграцыйнага крызісу і вайны Расіі супраць Украіны — жэст "добрасуседства" выклікае пытанні. МЗС Літвы заклікае грамадзян краіны адмовіцца ад паездак у Беларусь, а тых, хто ўжо ў краіне, — пакінуць яе.

З пачатку дзеяння "бязвізу" Беларусь наведалі 68,7 тысячы літоўцаў, заявіў беларускі Дзяржпамежкамітэт. "Новая Газета — Балтия" адправілася на літоўска-беларускую мяжу, каб пераканацца, як шмат турыстаў з Літвы едуць у Беларусь.
 

Да сваякоў пад Ашмянамі

Субота, 16 ліпеня. 9 раніцы. Памежны пункт пропуску "Мядзінінкай" з боку Літвы. Акрамя кіламетровай чаргі грузавікоў на выезд з ЕС (праз еўрапейскія санкцыі адбываецца ўзмоцнены кантроль), чэргаў з легкавых аўтамабіляў няма. Нягледзячы на выходны і перыяд адпачынкаў, выехаць з Літвы ў Беларусь можна менш чым за паўгадзіны, і гэта ўлічваючы рамонтныя работы на мяжы, якія зніжаюць прапускную здольнасць пункта.

Час на мяжы ў асноўным займае мытня — для дэкларацыі тавараў з вяртаннем ПДВ. Тут у чарзе для легкавікоў — з 15 машын усяго 3 на літоўскіх нумарах, астатнія — беларусы. Літоўцы нешматслоўныя. Падыходжу да аднаго з іх, мужчына без асаблівага жадання адчыняе акно. "Еду з дзецьмі ў суседнюю вёску, там нашы сваякі пад Ашмянамі", — кажа Мантас*. На заднім сядзенні дзеці гадоў 5-6 цікава глядзяць на мой тэлефон з мікрафонам, усміхаюцца. "Мы і да гэтага ездзілі, па візах. Так, цяпер без, трохі прасцей стала", — кажа ён. Чарга "рухаецца", літовец заводзіць машыну, жадаю добрай паездкі.

"Цены в магазинах там как в Вильнюсе": зачем литовцы едут в Беларусь по безвизу
Чарга з грузавікоў на літоўска-беларускай мяжы / "Новая Газета — Балтия"

На пашпартны кантроль пад'язджае аўтобус "Вільня — Мінск" літоўскага аператара. Свабодных месцаў мала. "З усяго аўтобуса большая частка — грамадзяне Расіі, чалавек 10 з беларускімі пашпартамі, літоўцаў усяго пару чалавек", — кажа кіроўца. Па яго словах, "літоўцаў не дадалося" праз бязвізавы рэжым, у асноўным цяпер падарожнічаюць грамадзяне Расіі і Беларусі, бо "для іх гэта адзін з нешматлікіх спосабаў куды-небудзь выехаць і паляцець". Праз міжнародныя санкцыі еўрапейскае неба закрытае для самалётаў з Беларусі і Расіі ўжо некалькі месяцаў.

Здзіўлена пытаюся ў кіроўцы аўтобуса, ці заўсёды так мала легкавых машын на мяжы. Як выявілася, праз рамонтныя работы ў пункце "Мядзінінкай" зваротны паток з Беларусі на ўезд у Літву можа расцягнуцца на некалькі гадзін. "Той, хто праязджаў тут хоць бы раз апошнім часам, больш сюды не едзе. Калі вы шукаеце легкавікі, то з'ездзіце на суседні пункт "Лоша", там будзе больш людзей", — рэкамендуе кіроўца.

"Цены в магазинах там как в Вильнюсе": зачем литовцы едут в Беларусь по безвизу
Асноўныя пасажыры аўтобуса "Вільня — Мінск" — грамадзяне Расіі / "Новая Газета — Балтия"

"Цэны ў крамах там як у Вільні"

Па навігатары — да пункта пропуску "Шумскас" 20 хвілін. Па невялікай дарозе праязджаем аднайменнае мястэчка, да мяжы ўсяго некалькі кіламетраў. Удалечыні віднеецца плот з калючага дроту, які Літва пабудавала праз міграцыйны крызіс, справакаваны беларускімі ўладамі. Па абодва бакі мяжы — назіральныя вышкі. Ужо на пад'ездзе да памежнага пункта ў вочы кідаюцца прывязаныя да дрэў ровары — жыхары памежных тэрыторый такім спосабам пераходзяць мяжу практычна імгненна.

Пункт маленькі: дзве паласы, адна на ўезд, другая на выезд з Літвы. У ёй ужо, у адрозненне ад пункта "Мядзінінкай", з 10 машын — усяго пару беларускіх нумароў, адна машына з Украіны, астатнія ж — літоўцы.

Заўважаю мужчыну ў чырвоным "Опелі", таксама з дзецьмі. "Я не вельмі хачу, каб мяне здымалі", — папярэджвае Артурас*. Ён едзе ў Беларусь упершыню за апошнія 2 гады — праз каранавірусныя абмежаванні "падарожнічаць было складана". Пасля ўвядзення "бязвізу", вырашылі з'ездзіць да сваякоў. Недалёка ад мяжы ў яго жыве швагер і бабуля. "Дзеці засумавалі па родных, як не паедзеш?" — пытаецца мужчына. Пра папярэджанне літоўскіх уладаў не наведваць Беларусь ён не чуў. На пытанне, ці праўда, што праз прывабныя цэны літоўцы ў Беларусі закупляюцца ежай, іншымі таварамі, палівам, мужчына ўсміхаецца. Ён кажа, што акрамя паліва і тытунёвых вырабаў, "цэны ў крамах там як у Вільні, калі не большыя, няма ніякага сэнсу нешта везці адтуль".

"Цены в магазинах там как в Вильнюсе": зачем литовцы едут в Беларусь по безвизу
Пункт пропуску "Шумскас" на літоўска-беларускай мяжы / "Новая Газета — Балтия"

"Асабістая справа кожнага чалавека"

І калі да паездак па танны беларускі бензін літоўскія ўлады прывыклі, куды больш праблематычнай для літоўцаў стала пагроза вярбоўкі сваіх грамадзян замежнымі спецслужбамі. Пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму Беларуссю Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы папярэджвае пра падвышаныя рызыкі вярбоўкі сваіх грамадзян спецслужбамі Беларусі і Расіі. Для літоўскай разведкі "варожая разведвальная дзейнасць супраць Літвы застаецца інтэнсіўнай", а ўвядзенне бязвізавага рэжыму "дае новыя магчымасці" беларускім і расійскім спецслужбам, якія могуць выходзіць як на ідэалагічна матываваных, так і на звычайных грамадзян.

Для тых, з кім удалося пагаварыць, — гэтыя асцярогі не выглядаюць сур'ёзнымі. "Я ж не ў Мінск еду, мая вёска недалёка ад мяжы — там практычна нікога ўжо не засталося. Якая разведка?" — сказаў Артурас. Усе, хто стаяў у чарзе на выезд з Літвы, адмовіліся даць каментар на камеру, а пра "палітыку лічаць за лепшае не гаварыць".

На прапускным пункце няма паведамленняў пра непажаданасць паездкі ў Беларусь. "У асноўным уся інфармацыя — у СМІ", — кажа супрацоўнік заставы. На інфармацыйнай дошцы — правілы ўвозу, спіс забароненых тавараў, Інструкцыі па запаўненні дэкларацый. Супрацоўнікі памежнага пункта прызнаюцца, што ніякіх асаблівых указанняў папярэджваць сваіх грамадзян пра непажаданасць паездак у Беларусь у іх не было і ніякіх спецыяльных памятак тут няма. "Гэта асабістая справа кожнага чалавека", — запэўніваюць яны.

Бліжэй да абеду мяжа апусцела. На таксі пад'язджае жанчына, у руках сіні пашпарт — беларускі. Таксіст дапамагае выгрузіць дзве цяжкія валізы. "Гэта ўсё падарункі родным", — жартуе беларуска і ўжо пешшу ідзе ў бок кантролю сваёй краіны.

Праз пяць хвілін на ровары пад'ехала жанчына сярэдніх гадоў. У чаканні зялёнага святла задаю пару пытанняў: ці часта ездзіць, што думае наконт рэкамендацый уладаў адмовіцца ад паездкі. "Заўсёды ездзіла, у мяне там родныя пахаваныя. Што, мне больш не ездзіць на магілу да іх?" — хутка адказвае яна і ідзе на зялёнае святло ў бок пашпартнага кантролю.

У Літву ўязджаюць у асноўным "беларускія нумары", і за дзве гадзіны на "літоўскіх" заехала ўсяго некалькі машын. Падыходжу да адной, якая спынілася пасля праходжання памежнага кантролю. Гэта маладая сям'я з двума дзецьмі. "Мы былі ў сваякоў, часта ездзім да іх", — чарговы раз чуем знаёмую гісторыю. Для гэтай сям'і паездкі ў Беларусі былі звычайнай справай і да бязвізавага рэжыму. Што да рэкамендацый уладаў не ездзіць у Беларусь, адказваюць коратка: "Не глядзіце навіны".

"Цены в магазинах там как в Вильнюсе": зачем литовцы едут в Беларусь по безвизу
Пункт пропуску "Шумскас" на літоўска-беларускай мяжы / "Новая Газета — Балтия"

Бліжэй да гадзіны дня на мяжы стала зусім пуста. Ужо за чырвона-зялёным слупам, на беларускай тэрыторыі, выстраілася чарга на ўезд у Літву. За некалькі гадзін на двух памежных пунктах сустрэліся ў асноўным адны і тыя гісторыі — паездка да родных, наведванне пахаванняў. Для іх — бязвізавы рэжым трохі спрасціў падарожжы, аднак і да гэтага ва ўсіх былі доўгатэрміновыя беларускія візы, атрымаць якія было не цяжка. Аднак сказаць, што беларускі "бязвіз" выстраіў літоўцаў у чаргу на мяжы — нельга.
 

Беларусаў прыязджае больш у Літву, чым літоўцаў у Беларусь

"Нашы памежнікі перыядычна размаўляюць з людзьмі, папярэджваюць пра магчымыя рызыкі. Але кожны грамадзянін павінен самастойна ацаніць іх. Калі літовец выязджае з краіны, з дакументамі ў яго ўсё ў парадку — памежнікі могуць толькі папярэдзіць, але не забараняць (выязджаць з краіны). Прававых мер перашкаджаць такому рашэнню ў нас няма", — расказаў прадстаўнік Службы аховы мяжы (САДМ) Рокас Пукінскас напярэдадні нашай паездкі на мяжу.

Канчатковую статыстыку, якую можна будзе супаставіць з перыядам да "бязвізавага" рэжыму, літоўцы апублікуюць па завяршэнні летняга сезона. Аднак, па словах Пукінскаса, гэтыя лічбы нельга параўноўваць: да гэтага былі кавідныя абмежаванні, таму і плыні былі іншыя. У студзені гэтага года грамадзяне Літвы перасеклі мяжу з Беларуссю ўсяго 11 000 разоў. А ўжо ў чэрвені такіх перасячэнняў у абодва бакі было 96 000, у траўні — 79 000, у красавіку — 49 000. Падлічыць дакладную колькасць грамадзян у САДМ не могуць. "Адзін і той жа чалавек можа ездзіць некалькі разоў на месяц", — кажа Пукінскас.

"Цены в магазинах там как в Вильнюсе": зачем литовцы едут в Беларусь по безвизу
Сцяна на літоўска-беларускай мяжы / "Новая Газета — Балтия"

Беларуская прапаганда кажа, што да іх едзе шмат літоўцаў. На самай справе мы бачым, што беларусаў прыязджае ў Літву нашмат больш. Напрыклад, у чэрвені мяжу з Літвой у абодва бакі беларускія грамадзяне перасеклі 137 000 разоў, у траўні іх было 122 000. Прадстаўнік САДМ заўважае, што Літва і ЕС для беларусаў усё ж прывабнейшыя: беларусы ездзяць па пакупкі, таксама прыязджаюць у Вільню, каб ляцець у іншыя краіны.
 

"Бязвіз" як інструмент прапаганды

Для эксперта па камунікацыі Віктара Дзенісенкі беларускі "бязвіз" — адзін з інструментаў палітычнай камунікацыі. Эксперт вылучае два элементы. Першы — прапагандысцкі, гэта значыць "Еўропа зачыняецца, а Беларусь, наадварот, дэманструе палітыку адкрытасці і прыязнасці". Другі элемент "завязаны" на меншых цэнах не некаторыя прадукты, у прыватнасці паліва і тытунь, гэта значыць своеасаблівая спроба сказаць: "Паглядзіце, у вас усё дорага, а ў Беларусі ўсё танней". "Вядома, пры гэтым прапаганда не ўлічвае, што ўзровень жыцця ў Беларусі ніжэйшы. Гэта маніпуляцыя", — дадае Дзенісенка.

Эксперт лічыць, што інфармацыі і паведамленняў пра непажаданасць наведваць Беларусь на фоне цяперашняй геапалітычнай сітуацыі было дастаткова. На яго думку, лічбы плыні грамадзян, якія павялічваюцца, кажуць пра тое, што не ўсе прыслухоўваюцца. "Нехта думае, што яму нічога не пагражае і да яго не будзе цікавасці з боку беларускіх спецслужбаў. Хтосьці, можа, прынцыпова ўключае "дзіцячую рэакцыю": мяне адгаворваюць, а я ўсё роўна паеду. У выніку — кожны вырашае сам, Літва — свабодная дэмакратычная краіна", — упэўнены Віктар Дзенісенка.

Бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян Літвы і Польшчы, а таксама грамадзян і неграмадзян Латвіі будзе дзейнічаць да канца года.

*Імёны герояў змененыя па іх просьбе.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі