Чалы: Мы сталі, як Расія — нафтаздабываючай краінай з адпаведнымі праблемамі

Чалы: Мы сталі, як Расія — нафтаздабываючай краінай з адпаведнымі праблемамі

Еўрарадыё: Што адметнага здарылася ў беларускай эканоміцы ў 2015 годзе?

Сяргей Чалы: Важным вынікам 2015 года з’яўляюцца не факты, а ўсведамленне пэўных фактаў. Бо ў нас працяглы час эканамічная палітыка вызначалася адмаўленнем відавочных фактаў. Першае, што эканамічныя ўлады ўсвядомілі, што ўвесь наш эканамічны рост з 2006 года быў няўстойлівым і вызначаўся глупствамі ў макраэканамічнай палітыцы ў выглядзе штучнай стымуляцыі гэтага росту, што прыводзіла да валютных крызісаў, дэвальвацыі, інфляцыі і гэтак далей. І калі валютныя крызісы пачалі ўспрымаць, як пагрозу ўсяму банкаўскаму сектару, тады макраэканамічная палітыка змянілася, і цяпер галоўным прыярытэтам з’яўляецца імкненне пазбегнуць макраэканамічных крызісаў. І тут нечакана выявілася, што “кароль голы” — што ўвесь наш рэальны сектар у большасці не канкурэнтаздольны.

Еўрарадыё: Прасцей кажучы…

Сяргей Чалы: Наша галоўная праблема — у наяўнасці старога савецкага нерэфармаванага сектара прадпрыемстваў, якія займаюць ільвіную долю эканомікі. На іх падтрымку грошы высмоктваліся з усіх працуючых сектараў эканомікі. Але як толькі грашова-крэдытная палітыка становіцца нармальнай, то гэтыя прадпрыемствы імгненна “кладуць зубы на паліцу”, а тое, чым мы ганарыліся, усе гэтыя МАЗ, БелАЗ, МТЗ, БМЗ ды іншыя, ледзьве дыхае. А большасць з такіх прадпрыемстваў без пастаяннай дзяржаўнай падтрымкі і ўвогуле нежыццяздольныя. У 2015-м годзе ўсведамленне гэтага ва ўладаў з’явілася.

Еўрарадыё: Усведамленне з’явілася. А разуменне таго, што з гэтым рабіць?

Сяргей Чалы: Каб утрымаць на паверхні гэтыя прадпрыемствы, у нас штогод траціцца сума, роўная бюджэтам аховы здароўя і адукацыі. Змяніць сітуацыю можна рэформай рэальнага сектару: рэструктурызаваць, банкрутаваць, прадаваць — што заўгодна, але нешта з імі рабіць. І тут высветлілася: праблемы да такой ступені вялікія, што няма той кропкі, за якую можна ўзяцца і паступова пачаць выцягваць усю эканоміку. Усведамленне гэтага факта да ўладаў прыйшло восенню, і наступіў ступар. Банальна стала страшна. Бо калі пачаць рабіць нешта з гэтымі прадпрыемствамі, існуе вялікая небяспека, што гэта можа прывесці да лавіннага каскаду зменаў, да якіх не гатовыя нашы і эканамічныя, і палітычныя ўлады. І цягам прыблізна паўгода ўлады знаходзіліся ў паралюшы. Дзейнічалі па прынцыпе “Давайце займацца безліччу дробных спраў, якія ніяк не змяняюць сітуацыю, але мы ж занятыя!”. Зыходзячы з указаў па асобных прадпрыемствах, улады прыйшлі да высновы: пакуль грошай хапае, мы хаця б гэтыя прадпрыемствы будзем ратаваць. Зразумела, што доўга гэта рабіць немагчыма, і гэта максімум 1,5 – 2 гады, бо сітуацыя не палепшыцца, нафта не будзе па сто долараў.

Еўрарадыё: Дарэчы, пра падзенне кошту на нафту: пра гэта шмат цягам года гаварылі, але ці можна гэта лічыць значнай падзеяй менавіта для Беларусі?

Сяргей Чалы: Гэта звязана: ілюзіяй аказалася магутнасць нашага прамысловага патэнцыялу — ён магутны толькі тады, калі ўсе свае праблемы перакладае на плечы ўсёй астатняй эканомікі. У нас усё больш значнымі станавіліся не тыя сектары, дзе працуюць мазгі, а сектары сыравінныя: нафтаперапрацоўка і самая простая нафтахімія, кшталту растваральнікаў і разбаўляльнікаў. А структура нашай эканомікі наблізілася да структуры эканомікі нафтаздабываючых краін. З бюджэтам, які гэтак жа залежыць ад нафты. Парадокс: мы сталі як Расія — нафтаздабываючай краінай! Але калі Расія нафту здабывае ў нетрах зямлі, то мы — у нетрах Крамля. Атрымліваем нафту па ўнутраным кошце, перапрацоўваем і прадаём прадукцыю з яе на знешніх рынках па сусветных коштах, а розніцу ды яшчэ і экспартныя пошліны пакідаем у сябе. Таму і атрымліваецца, што падзенне коштаў на нафту б’е па нас тройчы: падае попыт на нашу прадукцыю машынабудавання і станкабудавання — экспарт у Расію скарачаецца, прыбыткі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў скарачаюцца і скарачаюцца экспартныя пошліны, якія таксама прывязаныя да кошту на нафту. Пры кошце на нафту ніжэй за 70 долараў мы не атрымліваем абяцаных нам Расіяй 1,5 мільярда долараў экспартных пошлін. У 2015 годзе мы атрымалі прыблізна 1,1 мільярда долараў, а ў 2016 годзе будзе, верагодна, нават менш. І ўсё гэта на фоне таго, што мы мусім расплачвацца па знешніх пазыках.

Еўрарадыё: Да падзей палітычных — тут нешта значнае можна выдзеліць?

Сяргей Чалы: Перакінем масток ад эканамічнай часткі размовы: у краіне былі прэзідэнцкія выбары і ўсе чакалі адказы на пытанне, чкім у наступнай пяцігодцы будзе эканамічны курс. Ці будуць тыя рэформы, пра якія пастаянна казалі? Карацей, ці будуць у нас наступныя пяць гадоў “пот, кроў і слёзы”, каб нарэшце выбрацца з таго тупіка, у якім мы апынуліся? Лагічна было меркаваць, што падчас выбараў народу прапануюць праграмы развіцця на наступны перыяд, і патлумачаць, чаму так трэба рабіць і навошта. Але выбары прайшлі цалкам дзіўна. Найперш, Лукашэнка заявіў, што выбары не для яго, а для народа — гэта, маўляў, для народа іспыт на падтрымку і лаяльнасць. Сам Лукашэнка падчас выбараў толькі адзін раз сустрэўся з працоўным калектывам аднаго прадпрыемства. Тады ён заявіў: “А што я вам буду расказваць, якая ў нас будзе медыцына ці адукацыя?” і паехаў ездзіць па замежжы. І пераважную большасць часу выбарчай кампаніі яго нават у краіне не было! Людзям не толькі ніякай уцямнай эканамічнай праграмы не прадставілі — з ім нават гаварыць не сталі. Ладна, падумалі ўсе, можа, хоць яго інаўгурацыйная прамова стане “перадвыбарчай”. Але і гэтага не здарылася, і мы пачулі: “Станеце прэзідэнтам — будзеце якія захочаце рэформы праводзіць, а я на гэта не пайду”. Галоўны вынік “палявой паліталогіі” 2015 года — аўтарытарныя рынкавыя змены немагчымыя. Наступнай стане выснова, яна яшчэ не зробленая, што эканамічная лібералізацыя немагчымая без палітычнай лібералізацыі. Што вынікае з гэтага? У нас не ў эканоміцы праблемы, якой тэрмінова рэформы патрэбныя — апынулася, што ў нас няма дзеяздольнай дзяржавы, здатнай гэтыя рэформы праводзіць.

Еўрарадыё: Вы не культуролаг, але цікава, у культурным плане 2015 год вам чым запоўніўся? Нобелеўскую ўзнагароду Святланы Алексіевіч і закрыццё праекта “Крамбамбуля” прашу не называць!

Сяргей Чалы: А мне важным падаецца іншае: што погляды і густы ўладаў становяцца ўсё больш перпендыкулярныя густам і поглядам шараговых беларусаў. Так адбываецца ў эканоміцы, палітыцы і складана было чакаць нечага іншага ў культурнай сферы. Шараговыя беларусы радуюцца “нобелю” Святланы Алексіевіч і сустракаюць яе ў аэрапорце, а ўлада ў гэты час ўзнагароджвае ордэнам Францыска Скарыны “выбітнага дзеяча” расійскай поп-культуры Віктара Дробыша. Вось, што ва ўяўленні прэзідэнта і палітычнай улады культура для насельніцтва. А не Алексіевіч, якая “плявузгае на савецкага чалавека”. Бо ўлада ўсе гады займалася захаваннем і рэстаўрацыяй самага для сябе дарагога савецкага чалавека ў той час, калі людзі, якія чыталі кнігі Алексіевіч, з сябе гэтага савецкага чалавека па кроплі выціскалі. Вось Віця Дробыш — ваша культура, ва ўяўленні ўлады, а не нейкая “Крамбамбуля” ці Міхалок. Пакуль Лукашэнка вешае Дробышу ордэн, краіна жыве сваім культурным жыццём і выдатна камунікуе паміж сабой: арганізоўваецца на сустрэчу Алексіевіч у аэрапорце, сумесныя прагляды яе прамоў і чытанне яе тэкстаў, на наведванне канцэртаў сваіх куміраў у Вільні ці Кіеве.

Еўрарадыё: Ці можа ўсё сказанае азначаць, што і сапраўды, як выказаўся Лукашэнка, 2016 год будзе самым складаным для нас?

Сяргей Чалы: Безумоўна. Няздольнасць правядзення рэформ і нежаданне іх праводзіць прывядзе да таго, што колькасць працуючых прадпрыемстваў будзе скарачацца, занятасць будзе змяншацца, заробкі — таксама. І далей з гэтай дэпрэсіўнай пасткі будзе выкараскацца ўсё больш складана. Тут ужо нават гаворка не пра 2016 год: увогуле пазітыўных перспектыў не бачна, калі не вырашыцца на нейкія сістэмныя змены. Але ўлада ператварылася ў нешта такое, што не здольнае такія важныя і цяжкія рашэнні прымаць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі