Чаму бюджэтных месцаў меней, чым платных?

Еўрарадыё заўважыла, што планы набору на некаторыя спецыяльнасці бюджэтнага аддзялення ў разы меншыя, чым на платнае!

Галоўны ўніверсітэт краіны  — БДУ —  мае 2081 бюджэтнае месца, а для “платнікаў” — на 255 месцаў болей!

Просты прыклад: гуманітарны факультэт БДУ. Набор на спецыяльнасць “дызайн” — 5 чалавек, а на платнае — у 14 разоў большы! Агулам па факультэце набіраюць толькі 68 “бюджэтнікаў” ды 210 “платнікаў”.

Дэкан гуманітарнага факультэта БДУ Уладзімір Гурскі заўважае, што планы набору складаюцца ў залежнасці ад патрэбы прадпрыемстваў, ды папулярнасці сярод абітурыентаў.

“Буйных заказаў ад прадпрыемстваў не маем. Для фармавання плана набору бюджэтных месцаў за 4-5 гадоў збіраюць заяўкі на спецыялістаў. Да прыкладу, завод лакафарбавых вырабаў у Лідзе дае нам заяўку на некалькі гадоў. А чаму такі набор на платнае? Гэта выклікана вялікай цікавасцю саміх абітурыентаў!” — дэкан факультэта згадвае пра “круцізну” спецыяльнасці і падкрэслівае, што пасля платнага аддзялення можна знайсці працу дзе хочаш і не залежаць ад размеркавання. 

Атрымліваецца беларускім прадпрыемствам не патрэбныя дызайнеры ці, да прыкладу, вэб-праграмісты? Іх за сродкі дзяржавы будуць навучаць усяго 20 чалавек?

Тым часам дэкан звяртае ўвагу, што на тое быў вусны ўказ кіраўніка дзяржавы — на скарачэнне спецыяльнасцяў. 

“Эканамісты патрэбныя, але, як было сказана кіраўніком дзяржавы, не ў такой колькасці. І прайшло рэзкае скарачэнне. Да таго ж, вы не звярнулі ўвагі на тое, што ПТВ не запоўненыя. Усе сталі вельмі граматнымі, ніхто не хоча працаваць у напрузе. Бо якія спецыяльнасці ў нас не запоўненыя — да прыкладу, педагагічныя. Гэта не азначае, што настаўнікі нам непатрэбныя. Але працаваць настаўнікамі не хочуць! Пісьмовага загаду не было, але былі вусныя рэкамендацыі”, —  не сумняецца Уладзімір Гурскі.

У БНТУ на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі на спецыяльнасць “менеджмент” набіраюць 55 платнікаў, і толькі 5 месцаў бюджэтныя.

Дэкан факультэта Генадзь Броўка выбачаецца: да размовы пра скарачэнне плану набору не гатовы. Але з сумам адзначае, што планы набору на бюджэт з года ў год скарачаюцца.

Пра скарачэнні бюджэтных месцаў гавораць і ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій. На 26 бюджэтных месцаў там 292 месцы для платнікаў. І на платнае аддзяленне ідуць!

На эканамічны факультэт БДУ 34 бюджэтныя месцы на пяць спецыяльнасцяў і 205 платных! Адказны сакратар прыёмнай камісіі Людміла Хухлындзіна на пытанні пра план набору адказвае, што скарачаецца ўвесь гуманітарны блок:

“Для прамысловасці, для фізікі, нанатэхналогіі патрэбныя спецыялісты, а ўвесь гуманітарны блок скарачаецца. Вы што, не ведаеце, што вельмі шмат эканамістаў развялося? Гэта агульная тэндэнцыя”.

У 2013 годзе ў ВНУ былі прынятыя 68,7 тыс. абітурыентаў, гэта на 19,4 тысячы меней, чым у мінулым годзе. З іх 41,2% атрымліваюць адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі