Чаму гвалт над прэзідэнтам абыходзіцца даражэй за гвалт над кандуктарам?
У расійскім Крымінальным кодэксе антыпрэзідэнцкія злачынствы не выдзяляюць, а ва Украіне замах на жыццё кіраўніка краіны пагражае “пажыццёвым”.
Хлопцу, што цягаў за валасы кандуктарку ў наваполацкім аўтобусе, пагражае да 5 гадоў турмы. А вось калі б ён наважыўся так сябе паводзіць з кіраўніком краіны, то атрымаў бы 8 гадоў.
У Крымінальным кодэксе так і прапісана: “Тыя ж дзеянні, здзейсненыя ў дачыненні да прэзідэнта”. Размова ідзе пра “гвалт альбо пагрозу гвалтам у адносінах да службовай асобы, які выконвае службовыя абавязкі”. Відаць, у кіраўніка краіны службовыя абавязкі больш службовыя, чым ва ўсіх іншых службовых асоб краіны!
А як у суседзяў? У Крымінальным кодэксе РФ пакаранне за адпаведнае злачынства супраць кіраўніка краіны асобна не выдзеленыя. У Крымінальным кодэксе Украіны слова “прэзідэнт” узгадваецца адзін раз — сярод іншых вышэйшых кіраўнікоў краіны. У артыкуле “Замах на жыццё дзяржаўнага альбо грамадскага дзеяча”. Гэта лічыцца “Злачынствам супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны” і караецца пазбаўленнем волі да 15 гадоў. Ці пажыццёвым.
А вось у Польшчы сітуацыя падобная да беларускай.
“У нас таксама — калі прэзідэнт, то пакаранне вышэйшае. Мне гэта не падабаецца, але так ёсць: наш Канстытуцыйны суд на пытанне “Ці адпавядае гэта Канстытуцыі?” адказаў, што — адпавядае. Так што цяпер мы нічога зрабіць не можам”, — распавядае сябра Польскага Хельсінкскага камітэта Данута Пшэвара.
І гэта не адзіны артыкул Крымінальнага кодэкса РБ, дзе пакаранне за злачынства супраць кіраўніка краіны прапісана асобна. Ёсць яшчэ артыкулы 367 “Паклёп у адносінах да прэзідэнта” і 368 “Публічная знявага прэзідэнта”. Пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін да 4 і 2 гадоў адпаведна. Паклёп на звычайнага грамадзяніна пагражае 2 гадамі зняволення, а калі праз СМІ — трыма. Знявага ж звычайнага чыноўніка да пазбаўлення волі не вядзе ўвогуле! Дадуць альбо 6 месяцаў арышту, альбо — абмежаванне свабоды на тэрмін да 3 гадоў.
Ну, а забойства кіраўніка краіны ў нас увогуле “звычайным” забойствам не лічыцца — гэта ўжо тэракт!
У Крымінальным кодэксе РФ паклёп ці знявага прэзідэнта ніяк не адрозніваюцца ад паклёпу ці знявагі звычайнага чалавека. Тое ж тычыцца і Крымінальнага кодэкса Украіны. Польшча ідзе беларускім шляхам.
“Ёсць указ, які кажа, што прэзідэнт — гэта самая высокая фігура ў дзяржаве і нельга яе абражаць”, — распавядае Войтэк Бародзіч. І прыгадвае, як некалькі гадоў таму па ўсёй Польшчы шукалі бяздомнага, які абразіў прэзідэнта, каб асудзіць яго на тры месяцы турмы.
Генерал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб сцвярджае, што ні ў Крымінальным кодэксе СССР, ні ў першым Крымінальным кодэксе незалежнай Беларусі такога падзелу пакарання за злачынствы супраць грамадзян і кіраўніка краіны не было. Унеслі гэтыя дапаўненні дэпутаты парламента першых скліканняў.
Мечыслаў Грыб: “Гэта ненармальная з’ява. За тое, што ты пакрытыкаваў ці абразіў прэзідэнта, цябе могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці без яго заявы — гэта сама пракуратура зробіць. А калі грамадзянін іншага грамадзяніна абразіў, то трэба яго заява. А калі гэта чыноўнік ці прэзідэнт абразіць чалавека, то наогул адказнасці ніякай няма”.
Былы дэпутат парламента Вольга Абрамава называе гэтыя “прэзідэнцкія артыкулы” Крымінальнага кодэкса Дамоклавым мячом над галавой пратэстнага руху ў Беларусі. І згодная з Грыбам у тым, што ўведзеныя яны былі для таго, каб запалохаць крытыкаў улады. Што ж тычыцца “Пагрозы гвалтам”…
Вольга Абрамава: “Калі неабходны яшчэ такі артыкул (для забеспячэння бяспекі кіраўніка краіны. — Еўрарадыё), тады я не разумею, за што плацяць адпаведным службам бяспекі, якія павінны гарантаваць хаця б 99% бяспеку прэзідэнта”.
Узгаданыя артыкулы нарадзіліся ў “юрыдычных службах” прэзідэнцкай адміністрацыі, мяркуюць суразмоўцы Еўрарадыё. І яны не бяруцца прадказаць, ці не надумаюць там па ўсіх артыкулах Крымінальнага кодэкса падзяліць звычайных грамадзян і кіраўніка краіны.