Чаму Пуцін выводзіць войскі з Сірыі
З 15 сакавіка пачынаецца вывад асноўных расійскіх войскаў з Сірыі. Адпаведнае рашэнне прыняў напярэдадні прэзідэнт суседняй краіны Уладзімір Пуцін. Пры гэтым, згодна з рашэннем, у Сірыі застануцца пункты базавання расійскіх вайскоўцаў: марскі ў Тартусе і авіяцыйны на аэрадроме Хмеймім. Яны будуць “функцыянаваць у ранейшым рэжыме”.
Навіна выклікала вялікі рэзананс у еўрапейскіх СМІ. Аналітыкі брытанскай Times мяркуюць, што Пуцін зрабіў такі крок, каб не быць уцягнутым у бясконцую вайну. “Вывад войскаў з Сірыі азначае наступнае: Пуцін лічыць, што забіў дастаткова праціўнікаў Асада, каб той змог выжыць”, — цытуе выданне допіс амерыканскага сенатара Джона Макейна ў Твітары.
У выніку праз пяць гадоў пасля пачатку грамадзянскай вайны сірыйцы аказаліся перад выбарам: альбо распад краіны, альбо вечная дынастыя Асадаў ва ўладзе.
“Шанцы на стварэнне новага ўрада, які будзе дастаткова моцным, каб не лічыцца з Асадам і паважаць палітычны плюралізм, нікчэмна малыя. Таму існуе вялікая імавернасць таго, што ўрэшце перамоўнікам давядзецца пагадзіцца з ідэяй распаду Сірыі на асобныя анклавы”, — выказваюць думку аналітыкі выдання.
Ідэя выглядае даволі прывабна — гэта дапаможа стварыць на тэрыторыі краіны бяспечныя зоны, куды пачнуць вяртацца бежанцы. Але распад Сірыі хавае сур’ёзную небяспеку і рост нестабільнасці. Да прыкладу, ваенізаваныя курдскія фармаванні хутчэй за ўсё распачнуць спробу стварэння незалежнага Курдыстана. А гэта стане падставай для аналагічных крокаў іншых груповак у іншых блізкаўсходніх дзяржавах, што можа значна пагоршыць крызісную сітуацыю ў рэгіёне.
ВВС прыводзіць меркаванне дыпламатычнага аглядальніка Джонатана Маркуса. Паводле яго слоў, нечаканае рашэнне Пуціна супала з пачаткам новага раунда мірных перамоў па Сірыі ў Жэневе, што ў чарговы раз дэманструе ўдаласць дыпламатычных жэстаў расійскага кіраўніка.
“Расійская прысутнасць у сірыйскім канфлікце дасягнула асноўных мэтаў: Масква ўмацавала пазіцыі Башара Асада, дапамагла яго войскам узяць пад свой кантроль некалькі стратэгічна важных тэрыторый і дабілася таго, што Асад застаецца фактарам у любых перамовах па вырашэнні канфлікту ў Сірыі”, — выказваецца аглядальнік.
Нямецкае выданне Deutsche Welle з гэтай нагоды цытуе словы расійскага ваеннага эксперта Аляксандра Гольца, які называе крок Пуціна “ўдалым дыпламатычным ходам, які дазволіць выцягнуць Расію з балота”.
На думку эксперта, частковы вывад расійскіх войск дапаможа выцягнуць Расію з міжнароднай ізаляцыі, у якой яна апынулася ў выніку канфлікту ва Украіне. Гольц таксама дадае, што загад Пуціна можа паслужыць пачаткам да палітычнага ўрэгулявання сірыйскага крызісу.