“Чаму я галасаваў за Парашэнку? А больш не было за каго”

“Выбарчы ўчастак вам патрэбны? Ідзіце проста, там не пераблытаеце — натоўп людзей стаіць, ля гімназіі. Вось там і ўчастак”, — прыкладна так кіеўскі дворнік тлумачыць мне дарогу. Праз сто метраў ад Хрышчаціка насамрэч бачу натоўп людзей, якія прыйшлі выбіраць пятага прэзідэнта Украіны. Хвост чаргі расцягваецца на вуліцу.

Кандыдатаў шмат, але знайсці некага, хто б хацеў прагаласаваць не за Парашэнку, з наскоку ў мяне не атрымліваецца.

“Я за каго буду галасаваць? За Парашэнку хачу. Бо не ведаю, за каго больш. Вось вы ў мяне пытаецеся, а я сам сабе гэтае пытанне задаваў і адказу не знайшоў”, — гаворыць мне Леанід — кіяўлянін сярэдняга веку.

Леанід урачыста апрануты — белая кашуля, светлыя адпрасаваныя штаны. На гэтым участку ён працуе назіральнікам — галасаваць паедзе на свой увечары. Гаворыць, што Украіне патрэбны парадак і моцная рука, як у Беларусі. Пытаюся, ці прагаласаваў бы ён за Лукашэнку, калі б кіраўнік Беларусі раптам трапіў у сённяшнія спісы кандыдатаў. Суразмоўца смяецца: “Не прагаласаваў бы. У вас свой калгас, у нас — свой”. І дадае, што справа нават не ў асабістых якасцях Пятра Парашэнкі, які “таксама не далёка не свежы тавар”. Проста краіне патрэбны кіраўнік.

“Прэзідэнт павінен быць. А не нейкі часовы выканаўца абавязкаў. Кіраўнік у дзяржавы павінен быць, праўда ж? Ці як зразумець… Я так думаю. Хачу, каб усё наладзілася. А то пайшло ўразнабой, перакруцілася ўсё”.

На выхадзе з будынка літаральна вылоўліваю пенсіянерку Валянціну — журналістаў на адным з цэнтральных участкаў вельмі шмат. Яна расказвае, што шмат гадоў была прыхільніцай Юліі Цімашэнка. Але цяпер “Украіне патрэбны іншы чалавек”.

“Я шмат слухала і некалі была вялікай прыхільніцай Юліі Цімашэнка. А цяпер прагаласавала за Парашэнку. Бо зразумела, што ёй ні Украіна не патрэбная, ні мы. Ёй патрэбнае толькі прэзідэнцтва. Бо яна такі чалавек”

Жанчына таксама мне гаворыць, што Украіне цяпер неабходны моцны парадак і барацьба з карупцыяй. Але прапанаваную мной кандыдатуру Лукашэнкі рашуча адкідае. Маўляў, няправільна гэта, калі кіраўнік краіны на пасадзе так доўга. Трэба, каб максімум 10 гадоў. А Лукашэнка ўжо засядзеўся. Ці справіцца Парашэнка з сепаратыстамі, Валянціна не ведае.

Людзей на ўчастку становіцца ўсё больш, некаторыя ратуюцца ад шалёнай кіеўскай спёкі прынесенымі з дому парасонамі, побач нехта імгненна арганізаваў гандаль вадой проста з аўтамабіля. Спрэчак на палітычныя тэмы не чуваць — складаецца ўражанне, што як мінімум на гэтым участку Пётр Парашэнка набярэ 90% галасоў. Я паціху перастаю верыць у магчымасць другога тура, хоць яшчэ дзень таму ў Мінску амаль не сумняваўся ў гэтым. Некаторыя выбаршчыкі нават гатовыя закрыць вочы на магчымае невыкананне Парашэнкам перадвыбарных абяцанняў. Як Уладзімір, якога таксама лаўлю на выхадзе з участка.

“Ён арганізатар. І магчыма, што гэта пабачыць Еўропа і дасць нам шанец пайсці наперад. Усе іншыя яго абяцанні — гэта ладна. Іх можна альбо да канца выканаць, альбо напалову — гэта не так важна. Абяцанні — гэта традыцыйна, гэта з савецкіх часоў”.

Нагадваю суразмоўцу, што Парашэнка — ва ўкраінскай палітыцы чалавек далёка не новы. У адказ чую ўпэўненае “на памылках людзі вучацца”.

У канцы другой гадзіны знаходжання на участку ўсё ж “нарываюся” на прыхільніцу Юліі Цімашэнка. Жанчына гаворыць, што яе абранніцу Януковіч пасадзіў у турму, і цяпер яе трэба падтрымаць. У перамогу Цімашэнка на выбарах яна таксама не верыць.

Сам Пётр Парашэнка галасуе са сваёй сям’ёй перад дзясяткам камер, бюлетэнь апускае ў скрыню пад модныя цяпер у Кіеве воклічы “Слава Украіне! Героям Слава!” Пасля завяршэння галасавання і агалошвання першых вынікаў перад тымі ж камерамі Парашэнка расказвае, што мае намер скончыць вайну.

“Першыя крокі, якія мы будзем здзяйсняць, уся наша каманда, будуць сканцэнтраваныя на тое, каб скончыць вайну, скончыць хаос, скончыць бязладдзе і прынесці мір на ўкраінскую зямлю, на аб’яднаную саборную Украіну”.

З участка іду на Майдан. Цікава ж, як галасуюць самі рэвалюцыянеры. Але замест даследавання іх электаральных настрояў ледзьве не трапляю ў прыгоды. Рэвалюцыянераў раптам зацікавіла мая фотакамера:

“Вэ а ю фром? Фром Мінск? Братан, дай дваццаць рубчыкаў. На дровы. Ну дай, што табе, шкада? У цябе вунь фотаапарат за 1500. Дай 20 рубчыкаў, а то адбяром цацку. Шкада яму дваццаткі”.

Распытваць, за каго галасавалі гэтыя падазроныя людзі, якія цяпер жывуць на Майдане, і ці галасавалі яны ўвогуле, жадання няма. Таму іду паглядзець на аточаны ўзброенымі салдатамі будынак ЦВК. У пераходзе пад Майданам чую, як кіяўляне абмяркоўваюць баявыя дзеянні на ўсходзе, нехта пераконвае, што страляць хутка пачнуць і ў Кіеве. Новаабранаму прэзідэнту выканаць свае абяцанні ўсталяваць парадак будзе вельмі няпроста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі