Чэхія паніжае дыпламатычную прысутнасць у Беларусі — СМІ
Томаш Перніцкі / spring96.org
Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Томаш Перніцкі пакідае нашу краіну. Паводле звестак чэшскіх СМІ, якія перадае Радыё "Свабода", ён зойме пасаду начальніка пратакола ў канцылярыі новаабранага прэзыдэнта Петра Паўла. Гэта абгрунтоўваюць тым, што раней Перніцкі быў дырэктарам дыпламатычнага пратаколу ў Міністэрстве замежных спраў.
Пасля ад'езду Перніцкага ў Беларусі не будзе амбасадара Чэхіі — толькі часовы павераны ў справах. Яго кандыдатура ўжо зацверджаная. Фактычна гэта азначае, што Чэхія пагаршае дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі.
Гэтую інфармацыю чэшскім журналістам не пацвердзілі ні сам Перніцкі, ні міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі, ні прэс-сакратар новаабранага прэзідэнта Петра Паўла. Але ў нядзелю намеснік міністра замежных спраў Марцін Дворжак не выключыў пераходу Перніцкага ў каманду новага прэзідэнта.
Томаш Перніцкі працуе ў Мінску з 2018 года. Перад тым ён працаваў у Арменіі, Грузіі, Украіне, ПАР.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.